Наперадзе восень. Час Канстытуцыйнага акту і рэферэндуму ў Беларусі й Расіі (другое «ўз’яднанне Германіі» — двух частак «аднаго народу», пра што яны мараць на працягу ўсёй сваёй гісторыі). Піша Алесь Кебік.
Новае расійскае кіраўніцтва сёння нацэленае толькі на перамогі — у музыцы, спорце, космасе, геапалітыцы. А што можа стаць найлепшым вянцом кар’еры Пуціна, чым пашырэнне тэрыторыі і павелічэнне насельніцтва краіны? Вобраз збіральніка «зямель рускіх» гарантуе яму месца сярод першых асобаў расійскага пантэону. На ўсе вякі. А тут яшчэ ўсе тузы на руках. Калі такое паўторыцца…
Наперадзе восень. Час развітання з Лукашэнкам. Бо каб далучыць нарэшце Беларусь «шасцю губернямі», не стае аднаго — прыбраць прэзідэнта, які так пячэцца пра сваю паўнаўладнасць, што нават атаясаміў яе з незалежнасцю краіны. Аднак хто высока залазіць, той нізка падае. Здавалася, лезеш на скалу, а скала раз — і ператвараецца ў пясок. У Крамлі даўно зразумелі, што адзіны спосаб пазбавіцца ад Лукашэнкі — дэстабілізаваць яго як палітыка, кіраўніка, чалавека. А для гэтага прыдадуцца выбухі ў месцах скаплення народу. Яшчэ трэба вырваць «станавы хрыбет» Лукашэнкі — Шэймана. Найлепей — рукамі самога Лукашэнкі, каб зрабіў гэта пад ціскам і ад безвыходнасці. Тады ён адчуе, што зямля паплыла пад нагамі і ён ужо цалкам не валодае сітуацыяй. Адзіны цэнтр сілы ў краіне рассыпаецца на мноства цэнтраў. Сілавікі ўсякія, наменклатура на месцах і за плячыма, дырэктарат… І сярод іх з’яўляецца, каб стаць галоўным, вось гэты — парламент.
Наперадзе восень. Час выбараў у парламент РБ. Яго роля хоць і марыянеткавая, але гэтай восенню вырашальная. Гэта ён, новы парламент, цалкам куплены Крамлём, павінен будзе адхіліць ад улады дэмаралізаванага прэзідэнта і падпісаць усе паперкі пра доўгачаканае ўз’яднанне братніх народаў і краін. Для гэтага там павінен з’явіцца не такі сонны і бязвольны элемент. Крыху больш рашучасці. Лукашэнка гаворыць пра фактычную лібералізацыю выбараў у палату пагаслым голасам, бо адчувае, што там — яго магіла.
Што можа перашкодзіць такому сцэнару развіцця падзей? Захад? Але ж наперадзе восень. Час прэзідэнцкіх выбараў у ЗША — галоўнага гаранта незалежнасці Беларусі (абавязкі былі ўзятыя на сябе Амерыкай наўзамен за ядзерную зброю, якую з Беларусі вывезлі за Шушкевічам). Але гэтай восенню Штатам будзе менш за ўсё балець галава пра Беларусь. Магчыма, яны адмовяцца ад гарантыяў, каб не сварыцца з Расіяй (якая дзеля смачнага кавалка заплюшчыць вочы на ПРА ў Чэхіі, на Грузію з сепаратыстамі, на прэсінг ЗША на Блізкім Усходзе), каб пазбавіцца ад свайго галоўнага раздражняльніка ў гэтым канцы свету — ад Лукашэнкі. Раптам іх гарантыі нашай незалежнасці праваляцца кудысьці ў разлом паміж прэзідэнцтвам Буша і прэзідэнцтвам наступніка, і ні той ні той не панясуць цяжару адказнасці за каструбаватае вырашэнне каструбаватай праблемы. Неяк так само атрымалася…
Магчыма, «уз’яднанню» запярэчаць самі беларусы? Але наперадзе восень і яшчэ шмат часу для таго, каб усе завадатары нязгоды былі нейтралізаваныя. Пачалі з самых яркіх, хоць і бяздзейных, з самых знакавых і сімвалічных. Белы Легіён — найбольш запамінальная арганізацыя, што дэкларавала абарону незалежнасці Беларусі любымі спосабамі. Сёння іх садзяць у турмы як тэрарыстаў. Гэта значыць, што заўтра як тэрарыста змогуць пасадзіць любога, хто выкажацца ў абарону незалежнасці краіны.
А наперадзе восень — час пераводу стрэлак.
Беларусы ў цэлым моцна аслабленыя ў плане нацыянальнай самасвядомасці, каб бараніць сваю незалежнасць. На такое аслабленне ўжо пятнаццаць гадоў працуе прапагандысцкая машына Лукашэнкі. Дыктатару добра, калі ён адзінаўладны і моцны пры абыякавым да ўсяго, бязвольным народзе. А калі не? Калі дыктатару гайкамі ўдарыла па гліняных нагах і калос загайдаўся? І вакол — нікога, хто б прыйшоў на дапамогу, а толькі тыя, хто заўзята крычыць: дабі яго!
Бяда не ў тым, што аднойчы мы «прачнемся без Лукашэнкі», а ў тым, што «прачнемся ў іншай краіне». Столькі гадоў ён выганяў з нас нацыянальную годнасць, а сам паступова пагружаўся ў твань «саюзнай дзяржавы», халяўных крэдытаў, таннага газу, у атачэньне эфэсбэшнікаў, ды ўрэшце аказаўся па горла ў багне. З яе ён ужо не выберацца ніколі. Нават калі не гэтай восенню яна засмокча яго канчаткова. Тым часам яго расійскія калегі з п’яненькіх раскрадальнікаў савецкай спадчыны ператварыліся ў стваральнікаў новай Расіі, чый метад — бліц‑крыг і аншлюс. У іх дастаткова грошай, каб купіць любую перамогу, асабліва калі гэта набытак бестэрміновае вартасці — цэлая краіна ў самым цэнтры Еўропы.





