Паводле словаў праваабаронцы, у СІЗА на Акрэсьціна можа знаходзіцца некалькі дзясяткаў чалавек.

Зьвесткі пра колькасьць затрыманых па справе выбуху 4 ліпеня няпэўныя і грунтуюцца на чутках, кажа сп. Бяляцкі. Нехта з падазраваных пачуў ад ахоўнікаў, што трэба засяляць наступны паверх. А гэта можа азначаць, што паверх, на якім утрымліваюць затрыманых, запоўнены і на ім знаходзяцца некалькі дзясяткаў чалавек. Сваякі падазраваных спрабуюць вылічыць агульную іх колькасьць, сустракаючыся у час перадачаў пад сьценамі турмы. У любым разе, мяркуе праваабаронца, дакладных лічбаў у сытуацыі, калі сьледзтва не агучвае адпаведнай інфармацыі, грамадзтва пакуль ня ведае.

Практыка паказвае, што, як правіла, найперш вядомымі становяцца прозьвішчы тых затрыманых, што зьяўляюцца, ці зьяўляліся актывістамі дэмакратычнага руху. Але гэта не азначае, што сваякі непалітычных затрыманых ня ведаюць пра лёс сваіх родных, адзначыў А. Бяляцкі. Кожны затрыманы мае права на тэлефанаваньне і адваката. А ўжо паведамляць журналістам, ці не рабіць гэтага — права родных падазраванага.

Праваабаронца нагадаў пра так званую «хімічную» вэрсію выбуху.

«Гэта таксама адпаведна характарызуе нашых сьледчых, якія найперш шукаюць факты, што ляжаць на паверхні» — заўважыў ён.

Па зьвестках праваабаронцаў, у СІЗА акрамя студэнткі БДУ Тацяны Пекун, знаходзяцца некалькі былых студэнтаў‑хімікаў.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0