У доларавым эквіваленце валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2016 годзе аказаўся найменшым з 2007 года, сведчаць звесткі Міжнароднага валютнага фонду.

«Па сярэднеўзважаным курсе ВУП у доларавым эквіваленце ў 2016 годзе склаў 47,2 млрд долараў, у 2015-м — 55,3 млрд з улікам апошняй афіцыйнай удакладненай ацэнкі гэтага паказчыка. Такім чынам, у 2016-м у параўнанні з 2015-м ВУП знізіўся на 8,1 млрд долараў, або на 14,7%», — паведаміў БелаПАН фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха, каментуючы афіцыйную статыстыку.

«Скарачэнне ВУП у доларавым эквіваленце абумоўленае зніжэннем ў 2016 годзе сярэднеўзважанага курсу беларускага рубля на 23% у параўнанні з 2015 годам», — растлумачыў Муха.

У 2007 годзе ВУП склаў 45,2 млрд долараў.

Эксперт адзначыў, што доларавы эквівалент ВУП выкарыстоўваецца не толькі ў міжнароднай параўнальнай статыстыкі, але і пры разліку цэлага шэрагу паказчыкаў эканамічнай бяспекі (у прыватнасці адносіны дзярждоўгу да ВУП).

«Відавочна, на фоне прыкметнага змяншэння доларавага эквіваленту ВУП можна чакаць пагаршэння гэтых параметраў, якія прымаюцца да ўвагі замежнымі інвестарамі, трымальнікамі беларускіх еўрааблігацый, міжнароднымі рэйтынгавымі агенцтвамі. Зніжэнне ВУП у доларавым эквіваленце — негатыўны сігнал для шэрагу знешніх контрагентаў нашай краіны», — заявіў Муха.

Эканамічная палітыка ўнутры краіны, лічыць аналітык, павінна быць скіраваная на стабілізацыю доларавага эквіваленту ВУП і прадугледжваць паступовы рост гэтага паказчыка.

У той жа час спроба дзяржавы стымуляваць даходы насельніцтва і павялічыць сярэднюю зарплату ў 2017 годзе да 500 долараў можа мець адваротны эфект, лічыць ён.

«Каб давесці сярэднюю зарплату да 500 долараў, трэба не толькі павялічыць грашовую прапанову, але і забяспечыць стабільнасць курсу беларускага рубля. Гэта можа прывесці да празмернага ўмацавання абменнага курсу нацвалюты, што адмоўна адаб'ецца на цэнавай канкурэнтаздольнасці беларускага экспарту і прывядзе да скарачэння валютнай выручкі», — сказаў Муха.

Як вынік, лічыць ён, націск на курс рубля ўзрасце, можа адбыцца абясцэненне рубля, і гэта сярод іншага прывядзе да зніжэння ВУП у доларавым эквіваленце. Па гэтым заганным коле, падкрэсліў суразмоўца, раней Беларусь ужо праходзіла, «і паўстае пытанне, ці варта ісці па ім яшчэ раз дзеля павелічэння зарплат у вельмі кароткатэрміновай перспектыве».

Як паведамлялася раней, беларускія ўлады паставілі задачу забяспечыць рост сярэдняй зарплаты ў 2017 годзе да 500 долараў. Згодна з ацэнкай Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, са сродкаў якога Беларусь атрымлівае траншамі чарговы крэдыт, забяспечыць рост сярэдняй зарплаты да 500 долараў у 2017 годзе нерэальна.

«З нашага пункта гледжання, дасягненне пастаўленай мэты з'яўляецца малаверагодным пры ўмове захавання абвешчанага прынцыпу павышэння заработнай платы адпаведна росту прадукцыйнасці працы», — заявіў у снежні 2016 года ў інтэрв'ю БелаПАН дырэктар праектнай групы па фінансавых крэдытах Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця Алішэр Мірзоеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?