З Рэдакцыяй «Нашай Нівы» звязаўся спявак Васіль Селішчаў (Lermont), які нядаўна прыцягнуў да сябе ўвагу выказваннямі на адрас беларускай мовы.
Фота Мікіты Недаверкава.
«Гэта інтэрв’ю я даю па-беларуску, размаўляю на мове пасля вельмі-вельмі доўгага перапынку. Я не кажу, што ідэальна ёй валодаю, але здольны выказвацца.
Мы казалі пра тое, што толькі спяваючы па-беларуску не змяніць сітуацыю на беларускім музычным рынку. Пытанне было менавіта пра гэта: «Калі спяваць па-беларуску, ці зменіць гэта сітуацыю?» Не, не зменіць, толькі гэта не зменіць, адказалі мы. Людзі найперш слухаюць не мову, а музыку, патрэбен якасны музычны прадукт.
Мы не давалі парадаў, на якой мове павінен спяваць наш прадстаўнік на «Еўрабачанні». Журналіст жа вырваў з кантэксту фразу пра спевы па-беларуску і склеіў са сваім дадаткам пра «Еўрабачанне» і выйсце. Вось з гэтага і атрымаўся загаловак: «Спяваць па-беларуску на «Еўрабачанні» — не выхад». Мы так не казалі.
Кожны сам робіць выбар, на якой мове спяваць. У мяне таксама ёсць песні па-беларуску. Прычым не адна. Была песня «Пачакай», з якой у 2010 мы спрабавалі трапіць на «Еўрабачанне». Я памятаю, як прыходзіў з гэтай песняй на FM-станцыі і мне там казалі: «Песня добрая, але мы не ставім у ратацыі песні па-беларуску».
Яшчэ ў 1990-я мы чыталі з дзедам «Свабоду» і «Народную волю», я хадзіў на ўсе Дні Волі, раздаваў улёткі з «Пагоняй». Я хадзіў на ўсе канцэрты NRM, спяваў так гучна «Паветраны шар», каб чуў увесь двор.
Я размаўляў па-беларуску ўвесь першы курс універсітэта. Мая жонка вучылася ў Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, у якога потым адабралі будынак. Адна наша знаёмая, якая цяпер жыве ў Швейцарыі, працавала ў беларускіх кампаніях і паўсюль размаўляла толькі на роднай мове, ёй за гэта пастаянна рабілі заўвагі.
Пра «памерлую мову» я сапраўды сказаў, але меў на ўвазе не тое, што мовы не існуе. Я меў на ўвазе, што, на жаль, беларуская мова вельмі-вельмі мала выкарыстоўваецца беларусамі. І такі стан рэчаў сапраўды існуе.
Калі змяняць сітуацыю, то трэба пачаць з таго, каб беларуская мова не вывучалася ў школах як замежная. На мове не размаўляюць з дзеткамі ў садках. У маёй дачкі ў садку толькі адна гадзіна на тыдзень беларускай мовы. З гэтага трэба пачынаць.
Мне вельмі шкада, што я так неабачліва выказаўся. Я вельмі люблю беларускую мову. Я спяваю сваёй дачцэ перад сном «Доўгі дзень», як спявала мне маці.
Я спяваю па-руску ў асноўным, бо недастаткова добра, на жаль, ведаю мову.
Магчыма, тое інтэрв’ю неяк адбілася на выніках адбору, хоць і не ведаю дакладна. Калі гэта так, то тым больш шкада.
Уявім, калі песню абіралі толькі дзеля мовы, то вельмі шкада. Калі абіралі добрую песню, незалежна ад мовы, то добра. Любыя такія рэчы ставяць межы. А мастацтва павінна разбураць межы, а не ствараць.
У Navi вельмі добрая песня. І кожны раз, калі нас пыталіся, што падабаецца, то адказваў: Navi, Nuteki і Мікіта Ходас. Navi — класныя музыкі для «Еўрабачання».
I яшчэ хачу дадаць. Я хацеў даць iнтэрв’ю «Спутнiку» i растлумачыць у iм тое, што меў на ўвазе, калi казаў пра беларускую мову i пра наш музычны рынак.
Але ix рэдактар пад маркай таго, што яна вельмi занятая i яе няма на месцы, не хоча са мной нават размаўляць».





