Фота з сайта Каліны
Некалькі дзён таму жыхар Віцебска Сяргей Сясіцкі адправіў у Віцебскі аблвыканкам зварот наступнага зместу:
«Паводле інфармацыі з сеткі Інтэрнэт на тэрыторыі Віцебскай вобласці плануецца правядзенне канцэртаў выканаўцы шансона Віктара Каліны.
Згодна з «Палажэннем аб правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў» зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19.10.2010 N 542 «Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў» забараняецца правядзенне мерапрыемстваў:
- якія маюць на мэце ажыццяўленне прапаганды вайны або экстрэмісцкай дзейнасці;
- якія ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян…
Пакінуўшы за дужкамі калякрымінальную тэматыку «творчасці» і вобраз дадзенага выканаўцы, выклікаюць абурэнне яго адкрыта хамскія і зневажальныя каментары, пагрозы ў адрас нашых суграмадзян, гарадоў і ў цэлым Рэспублікі Беларусь, званай ім у сацыяльнай сетцы Фэйсбук «беларашкай», а таксама інфармацыя аб яго ўдзеле ў баявых дзеяннях ва Украіне на баку незаконных фарміраванняў.
Мяркуючы, што публічная гастрольная дзейнасць дадзенага грамадзяніна наўпрост супярэчыць нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, пагражае грамадзянскаму міру ў нашай краіне, прашу разглядзець пытанне аб адмове ў выдачы яму гастрольных пасведчанняў і аб адкліканні ўжо выдадзеных».
Сёння Сяргею Сясіцкаму прыйшоў адказ з Віцебскага аблвыканкама, паведаміў ён у сваім фэйсбуку.
«Такім чынам.
1. Ідэолагі прымусілі яго прыбраць рэкламу, але толькі чамусьці ў Віцебскай вобласці. Трэба меркаваць, на канцэрты ў іншых абласцях дазволы ёсць, ці там законы Беларусі працуюць неяк па-іншаму.
2. Ад ацэнкі яго хамскіх выказванняў чакана ўхіліліся.
Што рабіць далей?
1. Накіраваць аналагічныя лісты ў астатнія аблвыканкамы.
2. Назіраць за сайтам «спевака».
Калі на ім з'явіцца выдаленая інфармацыя пра канцэрты, ці яны адбудуцца без рэкламы, то, значыць, дазволы атрыманыя, а дзяржаўная ідэалогія не супраць абразаў Рэспублікі Беларусь і яе грамадзян», — рэзюмуе Сясіцкі.





