Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая 21 студзеня накіравала прапановы аб змене выбарчага заканадаўства ў міжведамасную працоўную групу па вывучэнні рэкамендацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ пры Цэнтрвыбаркаме. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар АГП Ганна Красуліна.

Прапановы распрацаваныя створанай у верасні 2016 года па ініцыятыве апазіцыі экспертнай групай, у склад якой увайшлі прадстаўнікі АГП, аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», руху «За Свабоду», партыі «Зялёныя», Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». У працы групы бралі ўдзел экс-суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, старшыня Вярхоўнага Савета 13-га склікання Мечаслаў Грыб, эксперт у галіне выбарчага права Сяргей Альфер і іншыя.

Сярод распрацаваных рэкамендацый — пераход на змешаную, прапарцыйна-мажарытарную выбарчую сістэму, а таксама норма аб тым, што прадстаўнікі кожнага кандыдата павінны быць абавязкова ўключаныя ў склад выбарчых камісій. На думку экспертаў, неабходна таксама заканадаўча замацаваць норму, якая гарантуе адкрыты і галосны падлік галасоў, каб кожны член камісіі і назіральнік мог бачыць змест кожнага бюлетэня. Аўтары прапаноў лічаць важным абмежаваць практыку датэрміновага галасавання — скараціць яго тэрмін да двух дзён з абавязковым паведамленнем ад грамадзян аб немагчымасці галасаваць у асноўны дзень выбараў.

На мінулым тыдні Канапацкая атрымала з ЦВК адказ на свой зварот з просьбай аб уключэнні ў склад міжведамаснай групы па вывучэнні рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына паведаміла, што ў складзе групы ўжо працуюць двое дэпутатаў, накіраваных кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў, і па гэтай прычыне дэпутата ад АГП у групу ўключаць не сталі. Пры гэтым Ярмошына падкрэсліла, што дэпутат можа накіраваць у групу свае прапановы.

З лютага 2016 года працуе створаная ЦВК па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі міжведамасная экспертная рабочая група па вывучэнні рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, дадзеных па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2015 года для ўдасканалення выбарчага працэсу ў Беларусі. Пасля леташніх парламенцкіх выбараў, падчас якіх у метадычных матэрыялах для выбаркамаў былі адлюстраваныя некалькі рэкамендацый БДІПЧ, якія не з'яўляюцца галоўнымі, камісія працягвае сваю працу. У канцы снежня ў яе пасяджэнні ўзяў удзел віцэ-старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Кент Харстед.

Чакаецца, што да 1 лютага група правядзе аналіз рэкамендацый АБСЕ па выніках парламенцкіх выбараў і выпрацуе прапановы для змены выбарчага заканадаўства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?