Вядомы ўкраінскі пісьменнік і музыкант Сяргей Жадан заснаваў дабрачынны фонд для падтрымкі гуманітарных праектаў на ўсходзе Украіны. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на яго афіцыйнай старонцы ў facebook.

«Мы з сябрамі разумеем, што падтрымка адукацыі і культуры павінна быць сістэматычнай і працяглай, што развіццё гуманітарнай сферы фактычна вызначае, якім будзе наша грамадства за пяць-дзесяць гадоў. Мы хочам, каб у будучыні ні ў кога не магло ўзнікнуць нават думкі пра тое, што ўсход Украіны можа супрацьпаставіць сябе астатняй краіне, што Данбас можа разглядацца асобна ад астатніх рэгіёнаў. Харкаўшчына — гэта Украіна, Данбас — гэта Украіна, і яны маюць патрэбу сёння ў асаблівай увазе і нашай сумеснай працы на перспектыву», — напісаў Жадан.

На думку пісьменніка, стварэнне фонду дасць магчымасць не толькі сістэматызаваць валанцёрскую дзейнасць, але і зрабіць яе больш маштабнай і паслядоўнай.

«За гэтыя два з паловай гады мы не давалі падстаў сумнявацца ў празрыстасці таго, што мы робім, даючы справаздачу за кожную атрыманую намі капейку. Пастараемся і надалей апраўдваць ваш давер. Паколькі, так ці інакш, дабрачынны фонд — гэта вы ўсе: усе, хто дапамагае, усе, хто далучаецца, усе, хто падтрымлівае і верыць. Нас не так мала, мы можам вельмі шмат. Галоўнае — не баяцца і не адчайвацца», — напісаў ён.

Паводле яго слоў, найбліжэйшыя дабрачынныя падзеі фонду будуць прысвечаны збору сродкаў для дзяцей загінулых ўкраінскіх вайскоўцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?