Пра смерць бацькі паведаміла яго дачка Анастасія.
Развітанне з Аляксандрам Ціхановічам адбудзецца 30 студзеня ў Белдзяржфілармоніі
У храме Аляксандра Неўскага (вул.Казлова, 11) у 7:45 пачнецца памінальная літургія, пасля яе — адпяванне (меркавана ў 8:45), паведаміла ў сваім фэйсбуку яго дачка Анастасія Ціхановіч.
Грамадзянская паніхіда адбудзецца ў Філармоніі з 11:00 да 14:00.
Дзе будзе пахаваны Аляксандр Ціхановіч, пакуль не вядома.
***
Нарадзіўся Аляксандр Ціхановіч у Мінску ў 1952 г. У 1982 годзе скончыў Беларускую кансерваторыю. Музычная кар'ера пачалася з сувораўскай вучэльні, дзе ён граў у аркестры. Затым працаваў у гурце «Мінск», што граў джаз-рок. Разгромны артыкул пра музычную творчасць «Мінска» ў адной з цэнтральных газет выклікаў яго закрыццё.
Перайшоў у легандарныя «Верасы», дзе спявала і будучая жонка — Ядвіга Паплаўская. Калектыў быў заяўлены на выступ у першым рэспубліканскім конкурсе артыстаў эстрады. «Верасы» сталі лаўрэатамі конкурсу і атрымалі пуцёўку на пяты ўсесаюзны конкурс эстрады ў Маскве. Гэта быў зорны час.
У 1989 годзе Аляксандр Ціхановіч разам з Ядвігай Паплаўскай стварылі Тэатр песні і творчую студыю пры ім, праз якія прайшлі многія маладыя беларускія выканаўцы.
Аляксандр Ціхановіч быў аўтарам і вядучым некалькіх музычных тэлевізійных праектаў. З 2006 па 2009 год Аляксандр Ціхановіч узначальваў нацыянальны тэлевізійны музычны праект ЕўраФэст і беларускі адборачны тур да міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне».
Светлая памяць.





