Падчас штогадовай Міжнароднай выставы спажывецкай электронікі ў Лас-Вегасе аўстралійская кампанія Roam-E прадставіла новы прадукт, які неўзабаве зможа замяніць традыцыйныя сэлфі-палкі.
Першая ў свеце лятаючая сэлфі-камера робіць здымкі з паветра. Працуе новая прылада не толькі ў памяшканнях, але і на вуліцы. З пераносам дрона праблем не ўзнікае. Roam-E мае складныя лопасці, і прыладу можна пакласці ў невялікую сумку. Пачаць карыстацца сэлфі-дронам таксама вельмі проста: ён не патрабуе ніякай зборкі.
Кіраваць прыладай можна з дапамогай спецыяльнага мабільнага дадатку. Гэты ж дадатак дазваляе адразу дзяліцца вашымі здымкамі ў сацыяльных сетках, а таксама рабіць стрымы з прамым эфірам адразу ў Facebook. Камера на дроне мае функцыю распазнавання твараў. Прыладу можна наладзіць такім чынам, каб яна рухалася следам за пэўнай асобай і яе здымала.
Зараду батарэі Roam-E хапае прыкладна на 20 хвілін палёту. 8-мегапіксельная камера з вялікай колькасцю рэжымаў дазваляе рабіць фотаздымкі з разрозненнем 1080p, а відэазапісы — 720p. Таксама дрон здымае панарамныя 360-градусныя фоты.
Цана сэлфі-дрона — 499 долараў.





