Праўленне Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ) вырашыла вылучыць былога старшыню Еўрапейскага парламента Марціна Шульца кандыдатам у федэральныя канцлеры ад СДПГ, паведамляе Dw.de.
У падтрымку 61-гадовага Шульца прагаласавалі ўсе ўдзельнікі пасяджэння праўлення, якое адбылося ў нядзелю.
Акрамя таго, Шульц вылучаны на пасаду старшыні СДПГ замест Зігмара Габрыэля, які некалькі дзён таму ўзначаліў МЗС Германіі.
Афіцыйна яго абранне ў якасці суперніка цяперашняга кіраўніка ўрада ФРГ Ангелы Меркель, так і кіраўніка партыі павінна адбыцца на надзвычайным з'ездзе СДПГ ў сярэдзіне сакавіка.
Выбары ў парламент Германіі — бундэстаг — намечаны на 24 верасня 2017 года.
Шульц — палітык рэзкі, які па слова ў кішэню не лезе. Ён таксама лічыцца чалавекам каштоўнасцей. Шульц зацяты праціўнік як расійскага імперыялізму, так і нацыяналістычнага папулізму тыпу Трампа і «Альтэрнатывы для Нямеччыны».
Шульц таксама лічыцца прынцыповым прыхільнікам еўрапейскай інтэграцыі.