У Бібліятэцы Кангрэса ЗША ў Вашынгтоне адбылася стратэгічная гульня, сцэнарам якой была абарона краін Балтыі ад атакі з боку Расіі, напісаў у сваім Facebook кіраўнік камісіі па замежных справах парламента Эстоніі Марка Міхельсан (Marko Mihkelson).

У гульні, якая адбылася на рэальнай мапе, дзе фішкамі адзначаліся сілы НАТА і Расіі, удзельнічалі аналітыкі даследчай карпарацыі RAND, а таксама дзеючыя сябры Кангрэса ЗША ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый.

Удзельнікі змаглі ацаніць узровень падрыхтаванасці войскаў Эстоніі, Літвы і Латвіі, а таксама іншых краін НАТА да супольнай абароны. Разглядалася пытанне пра ўзровень жадання хаўруснікаў краін Балтыі дапамагаць ім у абароне, а таксама тэрмінаў рэакцыі на пагрозу.

Пасля вяртання ў Эстонію парламентарый падзяліўся ўражаннямі адносна будучай палітыкі ЗША пры Трампе.

«Адысці ад санкцый немагчыма, пакуль не з'явіцца пазітыўная дынаміка ва ўсходняй Украіне. Пытанне санкцый яшчэ адкрытае — зараз Трамп адмяняць іх не будзе», — сказаў Міхельсан. 

Летам 2016 года камандуючы ўзброенымі сіламі ЗША ў Еўропе генерал-лейтэнант Бен Ходжэс заявіў, што ў сучасных умовах НАТА не зможа абараніць краіны Балтыі ў выпадку напада з боку Масквы.

Восенню 2016 года эксперты RAND апублікавалі вынікі сваіх стратэгічных гульняў, згодна з якімі НАТА проста не паспее перакінуць у краіны Балтыі дастаткова войск — Расія, маючы шматкротную перавагу ў сілах, паспее захапіць Эстонію, Латвію і Літву за 3-4 дні. З гэтай прычыны RAND рэкамендаваў накіраваць у рэгіён дадатковыя сілы альянса.

У канцы 2016-пачатку 2017 года ЗША пачалі перакідваць ва Усходнюю Еўропу сваю бранятанкавую брыгаду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?