Даччынае прадпрыемства дзяржаўнай «Беларуснафты» Beloil Polska заключыла здзелку з Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніяй (NIOC) аб пастаўцы 600 тысяч бараляў нафты з адгрузкай ў лютым, паведаміла прэс-служба іранскай кампаніі.

«Гэта першая закупка іранскай нафты (Беларуссю) пасля зняцця з Тэгерана міжнародных санкцый летась», — адзначылі ў NIOC.

Як чакаецца, Beloil Polska транспартуе гэтую партыю нафты ў порт Адэсы (Украіна) або Вентспілса (Латвія), а затым даставіць яе ў Беларусь па чыгунцы. «Аб лагістыцы яшчэ трэба будзе дамовіцца», — удакладняецца ў прэс-рэлізе.

Паведамленне пра пачатак куплі Беларуссю іранскай нафты першым распаўсюдзіла 16 лютага інфармагенцтва Reuters са спасылкай на кампетэнтныя крыніцы. Паведамлялася, што нафта аб`ёмам 80 тысяч тон (прыблізна 600 тысяч бараляў) можа быць адгружаная 20 лютага.

У прэс-службе беларускага ўрада і канцэрне «Белнафтахім» БелаПАН не пацвердзілі, але і не абверглі гэтую інфармацыю. Пры гэтым у «Белнафтахіме» адзначылі, што «канцэрн працягвае працу па дыверсіфікацыі паставак нафты на беларускія НПЗ».

У студзені Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду шукаць альтэрнатыўныя варыянты паставак у краіну нафты. «Мы дамаўляліся, што найбліжэйшым часам вы мяне праінфармуеце пра сітуацыю ў нафтагазавым комплексе краіны, асабліва ў сувязі з паводзінамі Расіі. Згодна з нашымі дамоўленасцям і пагадненнямі, раней заключанымі, якая ў нас сітуацыя? Мы нічога не ўтойваем ад людзей. Утойваць, я думаю, не трэба. Катастрофы няма, але скарачэнне паставак нафты ад Расійскай Федэрацыі павінна быць замешчанае альтэрнатыўнымі варыянтамі», — заявіў кіраўнік дзяржавы 20 студзеня, прымаючы з дакладам віцэ-прэм`ера Уладзіміра Сямашкі.

Лукашэнка нагадаў, што адпаведныя пытанні абмяркоўваліся яшчэ ў канцы мінулага года. «І мы гэтыя альтэрнатыўныя варыянты не проста прапрацоўвалі — мы некаторыя выпрабавалі, выпрабавалі ўжо на практыцы, дастаўляючы нафту з Чорнага і Міжземнага мораў на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, каб на практыцы паглядзець, як гэта будзе выглядаць эканамічна», — сказаў ён.

Беларусь і Расія на працягу года не могуць урэгуляваць нафтагазавую спрэчку — пытанні кошту расійскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. З 2016 года Расія, згодна з дамоўленасцямі, павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тон нафты аж да 2024 года. Аднак з другога паўгоддзя пастаўкі былі скарочаныя ў сувязі з запазычанасцю Мінска за расійскі газ. У пачатку гэтага года расійскія СМІ паведамілі, што ў першым квартале Расія збіраецца скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь з 4,5 да 4 млн тон.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?