У калектыўных дамовах устаноў адукацыі можа з'явіцца палажэнне аб кампенсацыі выдаткаў на арэнду жылля. Пра гэта, як паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны», распавёў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык на выніковай калегіі ведамства за 2016 год.

«Адна з галоўных прычын сыходу спецыялістаў з сістэмы адукацыі, па іх словах, нават не невысокая зарплата, а адсутнасць жылля і немагчымасць аплачваць найманае. У пэўнай ступені вастрыню праблемы дапаможа зняць унясенне ў калектыўныя дамовы ўстаноў адукацыі палажэння аб кампенсацыі сродкаў, затрачаных маладымі спецыялістамі на аплату найму жылля», — сказаў Мірончык.

Ён дадаў, што падобная ініцыятыва — добраахвотная справа кожнай асобна ўзятай установы. Бо гаворка ідзе не пра бюджэтныя асігнаванні, а пра сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці.

«Пытанне з жыллём востра стаіць не толькі ў маладых выкладчыкаў, але ў мінскіх педагогаў у цэлым, таму мы будзем больш актыўна падымаць пытанне аб магчымасці будаўніцтва інтэрната для работнікаў сферы адукацыі», — паабяцаў кіраўнік камітэта па адукацыі.

Як паведамляюць «Мінск-Навіны», у паляпшэнні жыллёвых умоў маюць патрэбу амаль 3300 работнікаў сістэмы адукацыі Мінска.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна