Крэдыторская запазычанасць групы «Еўрагандаль» (найбуйнейшы актыў — рознічная сетка «Еўраопт») знаходзіцца на кантролі ва ўрадзе. У апошнія 2 гады пазыковая нагрузка зніжалася не вельмі высокімі тэмпамі, што выклікала сур'ёзную заклапочанасць беларускіх банкаў. На фоне гісторый з «Роднай старонкай» і «Прасторам» занепакоенасць павялічылася ўдвая, піша Tut.by

Некалькі тыдняў таму праблему «Еўраопта» абмяркоўвалі за зачыненымі дзвярыма ў Саўміне. На пасяджэнне так званага клуба крэдытораў былі запрошаныя кіраўнікі 10 найбуйнейшых банкаў Беларусі, першыя асобы Мінфіна, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Нацбанка і Міністэрства па падатках і зборах.

У 2014 годзе кіраўнік «Еўраопта» Андрэй Зубкоў казаў пра крэдыты ў 500 млн даляраў. Ён іх разглядаў як «інвестыцыі ў эканоміку краіны для развіцця сумежных галін».

Цяпер крыніцы называюць пазыковую нагрузку групы «Еўрагандаль» у раёне 700—750 млн даляраў. У самой кампаніі гэтыя лічбы не агучваюць.

Як вынікае са справаздачнасці рытэйлера, ключавыя крэдыторы — гэта расійскія банкі і іх беларускія «дочкі» (Альфа-Банк, БПС-Сбербанк і Белгазпрамбанк). «Гісторыя цягнецца ўжо даўно. Расійскія банкі запатрабавалі разлікаў, угледзеўшы ў дзеяннях рытэйлера высокія рызыкі. Калі крэдыты скончыліся, пачалася падтрымка за кошт іншых інструментаў. У тым ліку і за кошт выручкі», — распавялі тры не звязаныя адзін з адным банкіры.

«Еўрагандаль» уваходзіць у чацвёрку найбуйнейшых крэдытаатрымальнікаў у краіне разам з буйнымі дзяржпрадпрыемствамі, кажа профільны чыноўнік і банкір. «Праблем з крэдытаваннем у «Еўрагандлю» не было — сетка расла, банкі адносілі кампанію да пазычальнікаў першай групы (гэта значыць, з мінімальнымі рызыкамі). Пакуль карціна не палохае — кампанія нават знізіла сумарны доўг за тры гады. Але — нязначна. У выніку менавіта пад такіх пазычальнікаў уводзяць нарматыў, які абмяжоўвае яго крэдытаванне. Сітуацыя можа памяняцца, калі ў капітал «Еўрагандлю» ўвойдзе IFC. Уласна, сам факт такіх перамоў і высокай ступені гатоўнасці новага акцыянера ўкласціся ў «Еўрагандаль» даказвае, што фінансавае становішча кампаніі, нягледзячы на даўгі, нядрэннае», — сцвярджае крыніца, знаёмая з ходам нарады ва ўрадзе.

У жніўні мінулага года з'явілася паведамленне аб тым, што «Еўраопт» гатовы прадаць долю Міжнароднай фінансавай карпарацыі (IFC) і рэфінансаваць пазыкі на 200 млн даляраў. На зацвярджэнне савета дырэктараў IFC быў вынесены праект агульным коштам 291 млн даляраў, які плануецца рэалізаваць у 2016-2019 гг. З іх 91 млн даляраў прызначаны для інвестыцый у пашырэнне сеткі і кліенцкай базы, а 200 млн. — на рэфінансаванне абавязацельстваў «Еўрагандаль».

Як пішуць Naviny.by, на фоне высокай крэдыторскай запазычанасці усё часцей гучаць паведамленні, што з партнёрамі па бізнэсе за пастаўленую прадукцыю і аказаныя паслугі «Еўрагандаль» разлічваецца сертыфікатамі на куплю тавараў у сетцы «Еўраопт».

Як распавёў дырэктар кампаніі, якая пастаўляе ў «Еўраопт» кандытарскія вырабы, ужо мінімум год наўзамен часткі грошай за пастаўленую прадукцыю яны атрымліваюць падарункавыя сертыфікаты. Паводле яго слоў, кампанія вымушаная прымаць такую форму разлікаў, каб мець абаротныя сродкі для выплаты зарплаты. У падобнай сітуацыі аказалася кампанія «Минскторгавтотранс», якая аказвае «Еўрагандлю» паслугі па грузаперавозках.

У «Еўрагандлі» адмаўляюць гэтую інфармацыю і кажуць, што проста прадаюць сертыфікаты розным прадпрыемствам. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?