У судзе Ляхавіцкага раёна 28 лютага пачаўся суд над Андрэем Ваўкавыцкім — начальнікам Баранавіцкай ДАІ, які нападпітку сеў за стырно і насмерць збіў жанчыну.

Трагедыя здарылася 26 лістапада мінулага года ў Ляхавіцкім раёне на трасе, якая ідзе праз вёску Дарава. Маёр Ваўкавыцкі, які быў выканаўцам абавязкаў начальніка Баранавіцкай ДАІ, ехаў на сваёй машыне, быў у цывільным. Ён збіў 36-гадовую Вольгу Стралкоўскую на вачах у яе мужа.

У крыві міліцыянта знайшлі 3 праміле алкаголю. Яго ўзялі пад варту. Цяпер Ваўкавыцкаму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Увечары 26 лістапада даішнікі спынілі «Форд», у якім ехала Вольга з Валерыем Беразоўскім, сваім мужам.

Валеры Беразоўскі і Вольга Стралкоўская

Валеры Беразоўскі і Вольга Стралкоўская

Кіраваў машынай мужчына, хоць і не меў правоў. Даішнікі хацелі аштрафаць Валерыя, Вольга з мужам разам падышлі да аўто інспектараў. Затым Вольга вырашыла вярнуцца ў сваю машыну — і калі пераходзіла дарогу, здарылася бяда. Прычым жанчына ішла па пешаходным пераходзе.

У жанчыны засталіся двое непаўнагадовых дзяцей.

Па версіі следства, Ваўкавыцкі ехаў з хуткасцю каля 100 кіламетраў за гадзіну (калі дазволена было толькі 60). Ад удару Вольга атрымала больш за 40 пашкоджанняў.

Калі пракурор пачаў пералічваць траўмы, маці загінулай жанчыны зарыдала.

Ваўкавыцкі прызнаў віну цалкам. 

На пасяджэнні Ваўкавыцкі трымаўся ціха — стаяў апусціўшы галаву, адказваў на пытанні коратка.

«Быў у Ляхавічах. З 18 да 20 гадзінаў ужыў спіртныя напоі. Вырашыў паехаць у Баранавічы, — распавёў Ваўкавыцкі. —

Пад’язджаючы да вёсцы Дарава, я звярнуў увагу на спідометр і скінуў хуткасць. Пасля ўжо на спідометр не глядзеў і хуткасць не кантраляваў».

Нездалёк ад таго пераходу абвінавачаны заўважыў прыпаркаваны «Форд» Стралкоўскай, яму падалося, што ля машыны хтосьці ёсць. Падчас руху, кажа Ваўкавыцкі, ён глядзеў на машыну, бо баяўся, што з яе хтосьці можа выйсці. Але ж Вольга Стралкоўская рухалася якраз з супрацьлеглага боку.

Адразу пасля затрымання Ваўкавыцкі даў трохі іншыя паказанні. Ён расказваў, што яго нібыта асляпіў мікрааўтобус, які ехаў насустрач якраз побач з тым пешаходным пераходам. Таксама Ваўкавыцкі сцвярджаў, што быў цвярозым.

«Праходзілі двое мужчынаў, якія паспачувалі мне і працягнулі бутэльку самагона.

Я ўцяміў, што зладзіў ДТЗ са смяротным вынікам, ведаў, што нельга піць, але ўзяў бутэльку і выпіў палову з горлышка», — зачытала суддзя мінулыя паказанні абвінавачанага.

На судзе Андрэй Ваўкавыцкі прызнаў, што мікрааўтобус той ён праехаў раней, а не побач з пераходам. І піў ён перад тым як сесці за стырно, а не з незнаёмцамі пасля.

Суддзя пацікавілася, чаму мужчына сеў у машыну п’яным.

«Я і сёння не магу адказаць на гэтае пытанне. Не магу прабачыць сябе за гэта», — адказаў той.

Піў ён са знаёмымі, у гаражы аднаго з іх. Мужчына ўладкаваўся на новую працу і «абмываў» гэта. Выпіць угаварылі і Ваўкавыцкага. Па яго словах, ён ужыў каля паўлітра алкаголю.

Пасля вырашыў вярнуцца ў Баранавічы.

У Баранавічах Андрэй Ваўкавыцкі жыве разам з былой жонкай (яны ў разводзе) і трыма непаўнагадовымі дзецьмі.

«Больш няма дзе жыць», — патлумачыў мужчына.

Таксама ён распавёў, што ў лістах да маці ён прасіў тую сустрэцца з пацярпелымі і высветліць суму кампенсацыі, перадаць ім грошай. Але маці адказала, што ёй адмовілі ў сустрэчы.

«Рэальных крыніц сплаціць штосьці няма — я ж тут… — сказаў Ваўкавыцкі. — Але будзем старацца. Бацькі штосьці збяруць… ёсць у іх магчымасць прадаць аўтамабіль».

Па словах адваката, пасля ДТЗ з машыны Ваўкавыцкага знялі нумары. Абвінавачаны сказаў, што нічога пра гэта не ведае.

Дарэчы, спачатку Ваўкавыцкі сваю віну не прызнаваў. Пазней, як кажа сам абвінавачаны, ён проста ўсвядоміў ступень таго, што здарылася.

Даў паказанні і Валеры Беразоўскі, сужыцель загінулай Вольгі.

Па яго словах, яны ехалі ў Баранавічы да вольгінай знаёмай. Спыніліся — проста так — але побач стаялі даішнікі, якія і падыйшлі да машыны. Але ж у Валерыя не было правоў, і яго павялі ў машыну інспектараў, выпісваць штраф. Пайшла з імі і Вольга.

Пасля ДТЗ Ваўкавыцкі проста стаяў, рукі ў кішэні. Да Вольгі ён не падыходзіў. Проста стаяў і казаў: «Я яе не бачыў»

Пацярпелым па справе праходзіць бацька загінулай — Ігар Зянько.

Суддзя спытала ў яго, як пакараць абвінавачанага.

«Дазвольце паўдзельнічаць у працэсе, і там вырашым», — адказаў мужчына.

Далі паказаннні і даішнікі, якія афармлялі Беразоўскага. Па словах міліцыянта, Вольга, каб іх хутчэй адпусцілі, сказала яму, што яны едуць у Баранавічы на пахаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?