Спектакль «Опіум», фота teart.by

Спектакль «Опіум», фота teart.by

Беларускія крытыкі, журналісты і блогеры правялі галасаванне і склалі топ найлепшых айчынных пастановак, прэм’еры якіх адбываліся ў 2016 годзе. Бясспрэчнае першае месца рэйтынгу заняў спектакль «Опіум» Аляксандра Марчанкі: у ім гаворка ідзе пра звычайную сям’ю з Рагачова, якая аказваецца на мяжы беднасці. Не бачачы выхаду, адзін з юнакоў едзе ваяваць ва Украіну, каб крыху падзарабіць. Цікава, што «Опіум» стаў першым беларускім спектаклем, які стаў магчымы дзякуючы краўдфандынгу і народнаму фінансаванню.

Чалавекам года стаў Аляксей Ляляўскі, рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Дзякуючы яму гэты тэатр зрабіўся адным з самых моцных у краіне і працягвае развенчваць міф, што лялькі гэта толькі для маленькіх дзяцей. Сярод іншых асоб прагучалі таксама імёны Мікалая Пінігіна (за паслядоўнасць у сцэнічным увасабленні гістарычных шляхоў развіцця беларусаў у пастаноўцы «Дзве душы»), Ігара Казакова, Саўлюса Варнаса і Аляксандра Марчанкі.

Аляксей Ляляўскі, фота teart.by

Аляксей Ляляўскі, фота teart.by

Топ найлепшых спектакляў, якія, на думку крытыкаў, абавязковыя да прагляду:

  • «На дне», Магілёўскі абласны тэатр лялек;
  • «Саша, вынесі смецце», Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр;
  • «Крэйцарава саната», Магілёўскі абласны драматычны тэатр;
  • «Калядная гісторыя», Беларускі дзяржаўны тэатр лялек;
  • «Крыжовы паход», Цэнтр беларускай драматургіі;
  • «Dreamworks», Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр;
  • «Евангелле ад Іуды», Беларускі дзяржаўны тэатр лялек;
  • «З жыцця насякомых», Незалежны тэатральна-музычны праект Святланы Бень;
  • «Камера, якую дала мне маці», Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, Тэатр Новага мастацтва.

Куды рухаецца беларускі тэатр?

З дапамогай ініцыятараў рэйтынгу, куратараў інтэрнэт-праекта «Тэатральная Беларусь» Алены Мальчэўскай і Аляксея Стрэльнікава «НН» вылучыла галоўныя тэатральныя тэндэнцыі.

Беларускі сучасны тэатр усё часцей ідзе на эксперымент, адмаўляючыся ад грузных дэкарацый, не імкнучыся зачапіць гледача выключна формай: каб выглядала «па-багатаму». Нярэдка рэжысёры ўвогуле адмаўляюцца ад упрыгожванняў, выкарыстоўваючы толькі прастору і магчымасці цела акцёраў, як гэта здарылася з, мусіць, самым скандальным спектаклем сезона-2016 на гендарную тэматыку «Камера, якую дала мне маці».

«Камера, якую дала мне маці», фота Дар'і Буракінай

«Камера, якую дала мне маці», фота Дар'і Буракінай

Нароўне з Мінскам цяпер «руліць» шмат пастановак з рэгіёнаў. У першую чаргу, трэба адзначыць тэатры Магілёўшчыны: яны зразумелі, што, каб прадаваць сябе, трэба не толькі рабіць мастацтва, але і арганізоўваць гастролі, абмеркаванні, прэзентацыі, працаваць з журналістамі.

«На дне», фота teart.by

«На дне», фота teart.by

Тэатр ужо не адарваны ад надзённых, актуальных тэм: тут можна сустрэць не толькі персанажаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, але і водгаласы Майдана, беспрацоўя: «Опіум» Аляксандра Марчанкі, «Саша, вынесі смецце» Дзмітрыя Багаслаўскага і іншае.

«Саша, вынесі смецце», фота teart.by

«Саша, вынесі смецце», фота teart.by

У нас усё яшчэ мала моцных рэжысёраў і крытыкаў: на жаль, па многіх прычынах, нават вельмі таленавітыя людзі нядоўга затрымліваюцца ў прафесіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?