У 2006-м у Беларусі быў зарэгістраваны толькі адзін прыватны самалёт. У 2016-м іх колькасць вырасла да 13. Такім чынам, рост склаў 1200% — самы вялікі за дзесяць гадоў у свеце, піша myfin.by.
Пра гэта паведамляецца ў даследаванні кампаніі Knight Frank аб размеркаванні дабрабыту на планеце The Wealth Report — 2017.
Следам за Беларуссю ідзе востраў Мэн, дзе колькасць прыватных самалётаў павялічылася за дэкаду з 9 да 69 (рост — 667%), Казахстан — з 4 да 28 (600 працэнтаў), Азербайджан — з 2 да 13 (550%) і Ганконг — з 20 да 127 (535%).
Як бачна, у топ увайшлі адразу тры краіны СНД. Звязана гэта, у асноўным, з нізкай параўнальнай базай. З іншага боку, яны аказаліся ў адным шэрагу з такой дзяржавай, як Катар, дзе колькасць «джэтаў» таксама не зашкальвае.
Ілюстрацыя: knightfrank.com
Краінай з максімальнай колькасцю прыватных самалётаў — 12717 — сталі, што і нядзіўна, ЗША. Рост за 10 гадоў склаў 34%. Далей ідуць Мексіка — 950 (14% плюс), Бразілія — 786 (90%), Канада — 534 (51%) і Германія — 435 (100%).