1 жніўня пасольства Літвы ў Мінску адновіць прыём дакумэнтаў ад грамадзян Беларусі. Пра гэта БелаПАН паведаміла прэс-аташэ пасольства Крысьціна Паканітэ.

Нагадаем, прыём дакумэнтаў быў часова спынены ў сувязі з актам вандалізму, што адбыўся ў ноч з 24 на 25 ліпеня. Невядомыя кінулі на тэрыторыю пасольства бутэлькі з фарбай, а таксама размалявалі агароджу дыппрадстаўніцтва сымболікай Нацыянал-бальшавіцкай партыі (НБП) — незарэгістраванай праварадыкальнай арганізацыі. З нагоды гэтага пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас выказаў пратэст прадстаўнікам беларускага МЗС з патрабаваньнем высьветліць сытуацыю, знайсьці вінаватых, а таксама прыняць меры па недапушчэньні ў будучыні парушэньня імунітэту пасольства Літвы і выкананьні норм Венскай канвэнцыі 1961 года.

Паводле слоў К.Паканітэ, выдача пашпартоў тым, хто падаў дакумэнты да інцыдэнту, працягваецца ў звычайным рэжыме.

У сувязі з інцыдэнтам беларускімі праваахоўнымі органамі распачата справа па ч. 1 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса Беларусі. "Мы не камэнтуем гэты інцыдэнт, паколькі ідзе сьледзтва", — зазначыла прэс-аташэ пасольства.

Тым часам на расійскім сайце НБП прыводзіцца тэкст улёткі, якая была закінутая на тэрыторыю літоўскага пасольства ў Мінску разам з бутэлькай з фарбай. У ёй выказаны пратэст супраць прынятых у Літве паправак да закона аб сходах, што забараняюць выкарыстоўваць падчас масавых мерапрыемстваў сымбалі нацысцкай Германіі і Савецкага Саюза. "Забарона закранула савецкую пяціканцовую чырвоную зорку, серп і молат, а таксама гімны Савецкага Саюза і Літоўскай ССР", — зазначаецца ва ўлётцы. Прыхільнікі НБП лічаць, што "прыраўноўваньне савецкай атрыбутыкі да нацысцкай зьяўляецца найгрубейшай спробай перагляду вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, адмаўленьнем ролі Савецкага Саюза ў вызваленьні сьвету ад нацызму".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?