Генэральны сакратар Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) Мікалай Бардзюжа аб’явіў у пятніцу аб стварэньні на заходніх межах краін дамовы новай вайсковай структуры, якая павінна стаць адказам на ўстаноўку элемэнтаў СПА ЗША ў Польшчы і Чэхіі.

Паводле словаў Бардзюжы, ваенную групоўку створаць на заходніх межах Беларусі і Расеі.

Першы віцэ-прэзыдэнт Акадэміі праблем бясьпекі, абароны і правапарадку генэрал-палкоўнік Віктар Есін выказаў меркаваньне, што гаворка ідзе пра базіраваньне ў Беларусі ракетных комплексаў «Іскандэр-М», якія могуць паражаць СПА ў Чэхіі.

«Калі будзе прынятае рашэньне разьмясьціць «Іскандэр» у Калінінградзкай вобласьці, у іх зоне паражэньня будуць толькі аб’екты СПА ў Польшчы, а калі паставіць у Беларусі, то яны будуць даставаць і да радара ў Чэхіі», – растлумачыў генэрал палкоўнік.

Ён дадаў, што яшчэ адным крокам у адказ магло б быць выкарыстаньне зьмешанай авіябазы Мачулішчы, што пад Менскам, для базіраваньня стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў. Есін таксама паведаміў, што ў савецкія часы на тэрыторыі Беларусі базіраваліся мабільныя «Таполі». Аднак ён выказаў упэўненасьць, што зараз ні гэтыя комплексы, ні новыя «Тополь-М» туды ніхто не паставіць.

Між тым, новая ваенная структура, пра якую гаварыў Бардзюжа, можа набыць цалкам рэальныя контуры ужо празь месяц, пасьля паседжаньня статутных органаў АДКБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?