Сёлета адзначаецца знамянальная ў гісторыі Беларусі дата: 500-годдзе першага друкаванага выдання Бібліі на мове, блізкай да тагачаснай беларускай — Бібліі першадрукара Францыска Скарыны. Дактарант біблістыкі, кандыдат навук агульнага мовазнаўства айцец Сяргей Сурыновіч, пробашч парафіі Святой Троіцы ў Друі Браслаўскага раёна, прыедзе да нас з лекцыяй пра пераклады Святога Пiсання на беларускую мову.

Даследчык лічыць, што, на вялікі жаль, беларусы не маюць сёння Святога Пісання, якое б адпавядала сучасным навуковым крытэрыям біблійнага перакладу, хаця па-беларуску зараз існуе нават тры поўныя пераклады Святога Пісання — Уладзіслава Чарняўскага, Янкі Станкевіча і Васіля Сёмухі. Маем таксама некалькі перакладаў Новага Запавету і некалькі дзясяткаў паасобных кніг Бібліі.

Дакладчык зробіць гістарычны агляд шляхоў Слова, распавядзе, як Біблія на тэрыторыі сучаснай Беларусі пасялілася з часоў з’яўлення на нашых землях паслядоўнікаў Добрай Навіны Ісуса Хрыста, хрысціянаў і хрысціянства, якое мела дастаткова скамплікаваныя і адрозныя пад гледзішчам паходжання і традыцый шляхі пранікнення. Слухачы падрабязна даведаюцца пра пераклад Скарыны, які быў зроблены з Вульгаты святога Гераніма, перакладзенай на чэшскую мову і таму цалкам супадаючы з заходняй каталіцкай традыцыяй.

Айцец Сяргей распавядзе, як выданнем біблійных кніг пазней займаліся Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец, Канстанцін-Васіль Астрожскі, Стэфан Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, Спірыдон Собаль, Максім Вашчанка і іншыя выдаўцы. Будзе адзначаны перыяд ад канца ХVІІІ стагоддзя і да 20-х гадоў ХХ стагоддзя, калі біблійныя кнігі ў Беларусі наогул не друкаваліся і калі на працягу стагоддзяў не было зроблена ніводнага перакладу на беларускую мову.

Заняпад беларускай мовы пад польскім і расейскім уціскам, а таксама знішчэнне ці страта шмат якіх даўнейшых выданняў фактычна пакінулі беларускі народ без Святога Пісання на ўласнай мове. У дакладзе айцец С.Сурыновіч абгрунтуе свае меркаванне пра тое, што, хаця на працягу ХХ і ХХІ стагоддзяў многія беларускія дзеячы і навукоўцы па слядох Скарыны звярнуліся да перакладаў Бібліі, праблема перакладу Святога Пісання на беларускую мову засталася адной з найгастрэйшых i зараз.

Да свайго дакладу айцец Сяргей Сурыновіч падрыхтаваў мультымедыйнае прадстаўленне асобаў перакладчыкаў і перакладаў і выставу выданняў перакладаў Бібліі ХХ - ХХІ стагоддзяў са свайго ўласнага збору.

Акрамя таго, у якасці мастацкага суправаджэння імпрэзы дакладчык абраў жывапісныя творы мастака Насты Бурко (адзін з яе твораў скарыстаны на вокладцы Мерапрыемства) і музычныя кампазіцыі Наталлі Нікіцінай, якія выканае сама Наталля.

Лекцыя пройдзе 11 сакавіка ў TUT.BY Gallery па адрасе пр.Дзяржынскага, 57, паверх 9. Пачатак у 15:00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0