Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч адгукнуўся ў сваім фэйсбуку на інтэрв'ю Андрэя Саннікава, якое той даў Радыё Свабода

«А навошта зараз рабіць працу над памылкамі?» Так адказаў мой калега экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў на пытанне журналісткі Радыё Свабода Ганны Соўсь пра выбары 2010 года і дадаў: «Не магу рабіць працу над памылкамі, таму што не лічу, што мы памыляліся. Гэта рэчы, якія цяпер проста не патрэбныя».

З такім падыходам нельга пагадзіцца, бо самакрытычнасць - адна з важных лідарскіх, ды і ўвогуле, чалавечых якасцяў. Яна дапамагае аналізаваць і прагназаваць. А прагназаваць сення, як ніколі, неабходна. На кану існаванне незалежнай Беларусі.

У дзень выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе адбылася арганізаваная спецслужбамі правакацыя з расійскім следам. Чаму з расійскім? Таму што інфармацыя аб яе падрыхтоўцы была вядома яшчэ за паўгады да трагічных падзеяў. Таму што ў выніку былі не толькі разгромлены беларускія дэмакраты, але пацярпелі паразу і ўлада і Захад, якія ў той час распачалі дыялог. Таму што прайгралі усе беларусы: паміж Гродна і Беластокам ізноў вырасла Берлінская сцяна. І ў рэшце таму, што ў гэты вечар па ўсіх пазіцыях выйграў Крэмль.

Правакацыя была прымітыўнай і яе можна было спыніць. Але і цяпер на самыя сур’ёзныя пытанні мы так і не маем адказу. Чаму дружыннікі кандыдатаў у кіраўнікі дзяржавы не схапілі за шкірку першых «аматараў» біцця шкла ў Доме Урада і не перадалі іх міліцыі?

А ці былі ўвогуле падрыхтаваныя дружыны ў тых, хто заклікаў на Плошчу, як тое рабілася да гэтага апазіцыяй, пачынаючы з 1989 года? Кім быў ініцыяваны пераход з Кастрычніцкай плошчы на плошчу Незалежнасці, які быў план, якія мэты? Напрыклад, вядома, што Уладзімір Някляеў не збіраўся гуляць па гораду, яго штаб планаваў ладзіць канцэрт на месцы збора. Ці не з той прычыны ён быў збіты і нейтралізаваны праз тых, каму патрэбны быў «малюнак» і ізаляція Беларусі?

Андрэй Алегавіч, дазвольце не згадзіцца з Вашымі словамі: «Я ўсё сказаў у сваёй кнізе, усе сказалі». Няпраўда, няма адказа на самыя сур’ёзныя пытанні, тагачасныя кандыдаты ў прэзідэнты так і не зрабілі публічнага аналіза падзей Плошчы-2010.

Для думаючых людзей ясна, што Масква падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001, 2006, 2010 гадоў з розным поспехам рэалізоўвала ў нас свае сцэнары з дзвума асноўнымі мэтамі: падзяліць прабеларускія і праеўрапейскія сілы, а Лукашэнку аслабіць і прымусіць хутчэй інтэгравацца. І частка нашых прэтэндэнтаў у прэзідэнты свядома і несвядома адыгралі ў гэтым сваю ролю.

Сёння адказнасць дэмакратычнай апазіцыі як ніколі вялікая, бо страта незалежнасці можа адбыцца і без прэзідэнцкай кампаніі. Таму без сур’ёзнай каардынацыі дзеянняў, без супольнага планавання акцый і без падрыхтоўкі інструментаў нейтралізацыі магчымых правакацый з боку «старэйшага брата», небяспечна заклікаць людзей на мірныя масавыя пратэсты. У такім выпадку яны могуць быць скарыстаны на карысць суседняй імперыі, а не беларускай дэмакратыі.

Годна адстойваць свабоду і справядлівасць. Але абавязкова разам зрабіўшы працу над памылкамі. Каб ісці наперад, а не кінуць ізноў краіну назад.

Нам трэба быць пільнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?