Папа Францішак назваў закрыццё фабрык і звальненне рабочых без важкіх прычын «вельмі сур'ёзным грахом», паведамляе ВВС.

«Любы, хто з дапамогай эканамічных махінацый або здзелак, якія не зусім празрыстыя, закрывае заводы і кампаніі і адымае працу ў людзей, учыняе вельмі сур'ёзны грэх», — заявіў пантыфік. У прыватнасці, папу трывожыць сітуацыя ў італьянскім падраздзяленні тэлеканала Sky, дзе праходзяць сур'ёзныя скарачэнні.

Папа выступаў у сераду перад тысячамі людзей на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. У сваёй прамове ён адхіліўся ад падрыхтаванага тэксту.

«Праца дае нам пачуццё ўласнай годнасці, — цытуе Рэйтэр папу. — Тыя, хто нясе адказнасць за людзей, павінны рабіць усё, каб кожная жанчына і кожны мужчына маглі працаваць і хадзіць з высока паднятай галавой, глядзець людзям у вочы з пачуццём уласнай годнасці», — сказаў пантыфік.

Папа і раней абараняў правы працоўных. У верасні 2014 года ён крытыкаваў нямецкую сталеліцейную кампанію ThyssenKrupp за планы па скарачэнні рабочых на стратным заводзе ў Італіі.

Папа Францішак часта крытыкуе капіталізм за «пакланенне грашам» і растучую няроўнасць. Некаторыя крытыкі называюць яго папам-марксістам, піша «Франс прэс». Аднак сам ён кажа, што не падзяляе камуністычных ідэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?