Найбуйнейшы турэцкі апэратар сотавай сувязі кампанія Turkcell набывае 80 % акцый ЗАТ «Беларуская сетка тэлекамунікацый» («БеСТ»). Са словаў дырэктара «Турксел Ілецішым Хізметлеры А.Ш.», зь «БеСТу» хочуць зрабіць «адну з найлепшых кампаній сьвету».

Яшчэ 20 % акцый застаюцца за беларускім бокам. Адпаведны дагавор падпісаны 29 ліпеня ў Менску ва ўрадзе Беларусі паміж Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці як прадаўцом, «Белтэл Тэлекамунікасьён Хізметлеры А.Ш.» у якасьці пакупніка і «Турксел Ілецішым Хізметлеры А.Ш.» у якасьці гаранта.

Паводле інфармацыі афіцыйных крыніцаў, умовы заключанай зьдзелкі прадугледжваюць, што аплата праводзіцца ў тры этапы: 300 млн. даляраў будзе выплачана на дату завяршэньня зьдзелкі, якая надыдзе пасьля заканчэньня 30 дзён з даты падпісаньня пагадненьня, а дадатковыя плацяжы па 100 млн. даляраў будуць праведзены адпаведна 31 сьнежня 2009 і 2010 гадоў. Яшчэ адзін плацеж у памеры 100 млн. даляраў будзе зроблены пасьля атрыманьня кампаніяй «БеСТ» станоўчага гадавога даходу.

У інтэрвію праграме «Панарама» Першага нацыянальнага канала старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Мікалай Азаматаў (у падпарадкаваньні ДВПК знаходзіцца адзін з заснавальнікаў «БеСТ» — НДІ сродкаў аўтаматызацыі ДНВА «Агат»), камэнтуючы падпісаны дагавор, паведаміў, што ў сукупнасьці беларускі бок за 80% акцый ЗАТ «БеСТ» атрымае 600 млн. даляраў. Гэта значыць, зазначыў ён, цяперашняя цана «БеСТ» — 750 млн. даляраў. Апрача таго, паводле яго слоў, «Турксэл» мае намер дадаткова інвэставаць 400 млн. даляраў у разьвіцьцё сеткі.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей па выніках зьдзелкі ў гутарцы з журналістамі зазначыў, што рынак мабільнай сувязі ў краіне ўжо амаль падзелены, але рэсурс каля 1 млн. абанэнтаў яшчэ ёсьць. «Але самае галоўнае — ёсьць новыя тэхналёгіі, трэцяга пакаленьня, на падыходзе тэхналёгіі чацьвёртага пакаленьня. Я думаю, што барацьба павінна быць не за адцягваньне абанэнтаў ад адной кампаніі да другой, а за кошт нарошчваньня аб’ёмаў выручкі, выкарыстаньня найноўшых тэхналёгій, сэрвісаў. Мінсувязі ў стане рэгуляваць рынак такім чынам, каб усе кампаніі на беларускім рынку разьвіваліся ў роўнай канкурэнтнай барацьбе і каб бізнэс быў пасьпяховым», — патлумачыў міністар.

Гендырэктар «Турксэла» Мэхмэт Сюрая Джыліў падкрэсьліў: «Мы прыйшлі ў Беларусь для таго, каб інвэставаць, мы прыйшлі як добрыя партнэры і лічым, што рэспубліка мае дастаткова высокі патэнцыял разьвіцьця як у сфэры эканомікі, гэтак і ў тэхналёгіях. Апрача таго, беларускія спэцыялісты валодаюць высокім інтэлектуальным патэнцыялам. З улікам гэтага мы хацелі б зрабіць з «БеСТа» адну з самых лепшых кампаній сьвету».

ЗАТ «БеСТ» зарэгістравана 5 лістапада 2004 года. Заснавальнікамі выступілі НДІСА ДНВА «Агат» і РУП «Белтэлекам» з далямі ў статутным фондзе 75 % і 25 % адпаведна. У ліпені 2006 года апэратар атрымаў кітайскі крэдыт для стварэньня інфраструктуры ў памеры 234 млн. даляраў. Яго вяртаньне пачнецца ў 2009 годзе і будзе доўжыцца да 2014 года.

Па выніках 2007 года абанэнцкая база ЗАТ «БеСТ» склала 181,6 тыс., з іх 119,6 тыс. падключыліся летась. На 1 ліпеня 2008 года абанэнцкая база складала 187 тыс. чалавек. У студзені—чэрвені 2008 года апэратар падключыў толькі 5,1 тысячы новых абанэнтаў. Сетка «БеСТ» пакрывае 26,3 % тэрыторыі Беларусі, на якой жывуць 68,6 % насельніцтва. У сетцы дзейнічаюць 438 базавых станцый.

Turkcell зьяўляецца лідзіруючым GSM-апэратарам Турцыі, налічвае 35 млн. абанэнтаў і займае 57% рынку. Кампанія мае долю ў GSM-апэратарах Азэрбайджана, Грузіі, Казахстана, Малдовы, Паўночнага Кіпра, Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?