Гэтае забойства скалынула ня толькі пасёлак у Лунінецкім раёне. Труп мужчыны зь сечанымі ранамі галавы быў знойдзены 26 ліпеня. Сьледчыя органы па гарачых сьлядах выявілі забойцу. Ім аказаўся 13‑гадовы хлопчык. Сякерай хлапчук расправіўся з сужыцелем сваёй маці за грубыя адносіны да яго.

30‑гадовая мама трох дзяцей у тую ноч дома не была. Што здарылася між нецьвярозым мужчынам і падлеткам, сьледзтва пакуль ня кажа. Аднак вынік, ад якога стыне кроў, вымушае задумацца.

Шматдзетная маці як‑ніяк, але працуе ў СВК «Хваецкае», куды была ўладкаваная па патрабаваньні праваахоўных органаў, каб аплочваць утрыманьне меншага дзіцяці, зьмешчанага ў сацыяльны прытулак. За амаль добрасумленнае стаўленьне жанчыны да працы дзіцёнка ў сям’ю вярнулі.

У Лунінецкім сельсавеце сям’ю характарызуюць як непасьпяховую: маці неаднаразова выклікалі на камісію па барацьбе з п’янствам. Яна не прыходзіла. Цяпер гаруе па страце «кармільца», які нідзе не працаваў, але акуратна складаў кампанію за чаркай.

Дзеці сёньня ўсе знаходзяцца ў сацыяльным прытулку.

Для ўсёй школы гэта быў проста шок, расказалі настаўнікі. Сем клясаў хлопчык скончыў нармальна, заўжды акуратны, паважлівы, зычлівы й паслухмяны, прыглядаў за меншымі сястрой і братам.

Якую меру пакараньня вызначыць суд — пакуль невядома. Можа быць, юнага злачынцу адпусьцяць, бо яму ня споўнілася 14 гадоў, а магчыма, ён будзе працягваць навучаньне ў школе спэцыяльнага тыпу.

Паводле: Ірына Арлова, Народная Газета

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0