Станцыя мэтро «Кастрычніцкая», якая ўжо амаль два месяцы зачыненая на рэканструкцыю, адчыніцца не раней за кастрычнік. Раней менскія ўлады запэўнівалі, што рэканструкцыя перасадачнага вузла будзе скончаная да 1 верасьня.

Цяпер дырэкцыя па будаўніцтве Менскага мэтрапалітэну кажа ўжо пра больш позьнія тэрміны — канец верасьня. А піцерская кампанія, якая займаецца ўсталяваньнем эскалятараў, заяўляе, што працы будуць завершаныя бліжэй да сярэдзіны кастрычніка.

Як паведамілі ў дырэкцыі па будаўніцтве Менскага мэтрапалітэну, на «Кастрычніцкай» ужо цалкам дэмантаваныя старыя эскалятары й іх падмурак, а таксама заліты новы падмурак. Цяпер важны этап — усталяваньне новых эскалятараў, якія былі зробленыя ва Ўкраіне. Аднак у Беларусі не знайшлося такіх спэцыялістаў, здольных выканаць працу такой складанасьці, таму мантажнікаў давялося шукаць за мяжой, паведамляе газэта «Рэспубліка».

«Дамова падпісаная з кампаніяй з Санкт‑Пецярбургу, якая займаецца мантажом, рамонтам і абслугоўваньнем эскалятараў. У нядзелю тры брыгады прыбылі ў Менск і ў панядзелак прыступілі да працы, — кажа Аляксей Мурач, галоўны інжынэр КУП «Дырэкцыя па будаўніцтве Менскага мэтрапалітэну». — Сёньня тэрміны завяршэньня ўсіх прац удакладняюцца. Арыенціровачны час заканчэньня мантажу — канец верасьня».

Як паведамілі ў піцерскай кампаніі, задачы перад мантажнікамі стаяць складаныя.

«Паводле дамовы нашыя спэцыялісты мусілі былі прыбыць у Менск і пачаць мантаж эскалятараў яшчэ 14 ліпеня. Але да гэтага часу пляцоўка на «Кастрычніцкай» была не гатовая, — кажа Яўген Маневіч, начальнік камэрцыйнага аддзелу ЗАТ «ЭС‑Сэрвіс», — Значыць, з улікам усяго аб’ёму працы, эскалятары будуць сабраныя бліжэй да сярэдзіны кастрычніка».

Паводле АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0