Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка будзе прадстаўляць Беларусь на памятнай цырымоніі да стагоддзя ўступлення ЗША ў Першую сусветную вайну. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-сакратара МЗС Дзмітрыя Мірончыка.
Раней Камісія ЗША па правядзенні памятных мерапрыемстваў з нагоды стагоддзя Першай сусветнай вайны накіравала запрашэнне беларускаму боку ўзяць удзел у міжнароднай памятнай цырымоніі «Ахвяруючы ў імя свабоды і міру».
«Рэспубліку Беларусь на цырымоніі будзе прадстаўляць намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка», — праінфармаваў Дзмітрый Мірончык.
На цырымонію быў запрошаны і сам Аляксандр Лукашэнка — як кіраўнік адной з краін, якія былі ўцягнутыя ў Першую сусветную вайну.
Цырымонія, прысвечаная стагоддзю ўступлення ЗША ў Першую сусветную вайну, пройдзе 6 красавіка ў Канзас-Сіці, штат Місуры.





