Салжаніцын безумоўна эпахальная асоба. Можна па-рознаму да яго ставіцца. Можна ўзгадваць ягоную “імпэрскасьць”, занадта некрытычны погляд на сучасную расейскую ўладу і г. д.
Як, напрыклад сказаў Юрый Хашчавацкі, “я крытычна ставіўся і стаўлюся да апошняга этапу творчасці Аляксандра Салжаніцына. Я не разумеў і не разумею дагэтуль ягоных поглядаў на расейскую імперыю, на тое, як ён разглядаў прызначэнне Беларусі як прыдатка Расеі. Гэтак жа ён глядзеў і на Ўкраіну. Ён, уласна кажучы, стаў у апошнія гады базісам для новай хвалі рускага шавінізму. І тым не менш я прызнаю, што гэта вялікі чалавек, які зрабіў для нас шмат у свой час – раскрыў нам вочы”.
І яшчэ ён жа кажа: “Салжаніцын быў вялікім выпрабаваннем для грамадства. Вось і зараз мы назіраем, як людзі кажуць, што Салжаніцын быў вялікім чалавекам. Але давайце ўспомнім, як гэтага жа Салжаніцына ў 1960-я – 70-я гады цкавалі, як грамадства праводзіла сходы асуджэння пісьменніка, як уся краіна кляйміла яго. А чаму жа тады практычна ніхто, акрамя Растраповіча, які прытуліў яго на сваёй дачы, не стаў на яго абарону? Чаму так адбываецца? Значыць, нешта не так у гэтым грамадстве, якое так хутка і ўздымае на шчыт людзей, і так хутка зрынае іх з гэтага шчыта, а пасля зноў туды жа ўздымае. Гэта сведчыць аб няспеласці таго грамадства, у якім мы жывем”.
І, трэба дадаць, ён так і застаўся выпрабаваньне і для сучаснага грамадства. Якім бы “базісам” ён ня быў, але яго фактычна хавалі, замоўчвалі, трымалі як “зэка на пенсіі”.
Пры ўсей ягонай “лаяльнасьці” ён заставаўся пагрозай для ілжы.
Вечная памяць!





