Улады украінскай сталіцы забаранілі бяліць вапнай дрэвы і бардзюры, як гэта рабілі ад савецкіх часоў да нядаўняга часу.
Пра гэта паведаміў дырэктар Дэпартамента гарадскога добраўпарадкавання КГГА Андрэй Фішчук у фэйсбуку, піша УП.
«З гэтага года Зелянбуд перастаў бяліць вапнай дрэвы ў горадзе. Калі ўбачыце, што нехта па савецкай звычцы спрабуе забруджваць вапнай дэкаратыўныя дрэвы, іншыя элементы добраўпарадкавання, звяртайцеся да выканаўцаў з патрабаваннем неадкладна спыніць парушэнне», — напісаў Фішчук.
Ён дадаў, што бяліць мэтазгодна толькі фруктовыя дрэвы.
«Ашуканства і паказуха ў часы СССР былі выведзеныя ў абсалют. Вясновае бяленне ўсяго навокал неяк упрыгожвала агульную шэрасць і ўбогасць саўка», — напісаў Фішчук.
Карыстальнікі сацсеткі адзначылі, што бяліць дрэвы працягваюць, і назвалі некалькі адрасоў, на што Фішчук адказаў, што, на жаль, за адзін год савецкія звычкі выкараніць немагчыма.





