Кіраўнік Нацыянальнага банка Украіны (НБУ) Валерыя Гонтарава сыходзіць са сваёй пасады, паведамляе ВВС.
«Я падала прэзідэнту Украіны афіцыйную заяву аб адстаўцы па ўласным жаданні з 10 мая гэтага года, і таму паведамляем вам за месяц… Вядома, калі Вярхоўная Рада прагаласуе за маё рашэнне раней за гэты час, то я пайду з гэтай пасады раней», — заявіла яна.
Па словах кіраўніка ведамства, змяненняў у складзе праўлення і палітыцы НБУ не прадбачыцца.
Гонтарава падкрэсліла, што ўпершыню адстаўка кіраўніка Нацбанка Украіны не стане палітычным рашэннем, і выказала надзею, што пераемнікам стане «палітычна незалежная фігура».
Чуткі аб адстаўцы кіраўніка НБУ хадзілі апошнія тыдні, але ў Нацбанку іх афіцыйна не пацвярджалі.
Па канстытуцыі Украіны, кіраўнік НБУ прызначаецца Вярхоўнай Радай па прадстаўленні прэзідэнта Украіны тэрмінам на сем гадоў. Гонтарава ўзначаліла Нацбанк у чэрвені 2014 года, стаўшы першай жанчынай на гэтай пасадзе.





