У пятніцу 12 траўня да 125-годдзя конкі ў Мінску запрашаем на тэматычную вандроўку па Мінску з гісторыкам і экскурсаводам Паўлам Каралёвым «Шляхамі Мінскай конкі».
Таксама наведаем нядаўна адкрыты ў нашай сталіцы музей конкі, дзе экскурсію для правядзе супрацоўніца музея і магістр мастацтвазнаўства Марыя Каралёва.
Экскурсія адбудзецца бліжэй да вечару. Запіс на вандроўку і ўся дадатковая інфармацыя па тэл. +375291342804, +375255458430 (Валерыя, з 7.05 па 09.05 смс).
Падчас вандроўкі мы пройдзем частку цэнтральнага маршруту мінскай конкі, які складаў каля сямі кіламетраў.
Першы вагончык на рэйках, запрэжаны коньмі, з'явіўся на вуліцах Мінска 125 гадоў таму 10 мая 1892 года. З'яўленню конкі — першага грамадскага транспарту ў Мінску — судзейнічала чыгунка.
У мінскай конкі было тры маршруты. Адзін праходзіў паміж Брэсцкім і Віленскім вакзаламі. Другі, цэнтральны, праходзіў ад Віленскага вакзала па вуліцы Пецярбургскай (цяпер Ленінградскай), Каломенскай (Свярдлова), выходзіў на Захар'еўскую (сучасны праспект Незалежнасці) і там на Губернатарскай (Леніна) заварочваў у бок Саборнай плошчы. Трэцяя лінія ішла ад Раманаўскай Слабады да Залатой Горкі. Пазней з'явілася яшчэ адгалінаванне — да піўнога завода Фрумкінай, сёння вядомага як «Аліварыя».
А напрыканцы вандроўкі вы зможаце наведаць новы музей мінскай конкі, адчынены да 950-годдзя Мінска. Музейная экспазіцыя падзеленая на дзве залы: у першай адноўленая атмасфера мінскіх вуліцаў таго часу, калі па горадзе курсіравала конка, а другая прысвечана працы канторы коннай чыгункі. У музеі можна будзе нават віртуальна «пракаціцца» у вагоне конкі.
Кошт вандроўкі 10 бел. руб, для заўсёднікаў і для групаў ад 4-х чалавек са зніжкай (пры ўмове папярэдняй аплаты) - 8 бел. руб. Але дадаткова аплачваецца ўваход у музей - 3 бел. руб. для дарослых (у тым ліку пенсіянераў), 2 бел. руб. - для студэнтаў, 1 бел. руб. для школьнікаў.
Прыватная культурна-асветніцкая ўстанова «Культура роднага краю» УНП 192664818





