«Kopf an Kopf». Так каментавала SüddeutscheZeitung сітуацыю няпрэдадні зямельных выбараў у Шлезвіг-Гальштэйне.

І вось цяпер, калі выбарчыя ўчасткі зачыніліся, высвятляецца, што «Kopf an Kopf» было пяць гадоў таму, калі сацыял-дэмакраты на выбарах у ландтаг набралі 30,4 працэнта галасоў, а хрысціянскія дэмакраты — 30,8. Сёлета ж хадэкі істотна адарваліся ад сваіх саюзнікаў-канкурэнтаў. Колькасць галасоў, пададзеных за Хрысціянска-дэмакратычны саюз, павялічылася не нашмат — на 1,2 адсотка — і дасягнула паказчыка 32. А вось сацыял-дэмакраты страцілі 3,2 працэнта галасоў і, атрымаўшы падтрымку 27,2 адсотка выбаршчыкаў, адсталі ад хадэкаў на 4,8 працэнта. У пераліку на мандаты гэта азначае, што ХДС будзе мець у зямельным парламенце 25 месцаў (на 3 месцы больш, чым у 2012-м), а Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі — 21 месца (на адно менш).

Разрыў, здавалася б, неістотны, але тут важна, з якім вынікам да фінішу выбарчага марафону прыйшлі саюзнікі сацыял-дэмакратаў — зялёныя і SSW (Саюз выбаршчыкаў Паўднёвага Шлезвіга, які аб’ядноўвае мясцовых датчан, надзеленых — як этнічная меншасць — пэўнымі прывілеямі). Зялёныя страцілі зусім мала (0,3 працэнта галасоў). Атрымаўшы падтрымку 12,9 адсотка выбаршчыкаў, яны будуць мець у ландтагу 10 месцаў. Датчане таксама страцілі няшмат — 1,3 працэнта галасоў — і з 3,3 адсотка падтрымкі будуць мець 3 дэпутацкія крэслы.

Зялёныя і SSW не страцілі ніводнага мандата. І толькі страта сацыял-дэмакратамі 3,2 адсотка галасоў прывяла да таго, што ранейшая ўрадавая кааліцыя на чале з эсдэкамі ў Шлезвіг-Гольштайне немагчымая, бо ў суме СДПГ, зялёныя і SSWатрымалі толькі 34 мандаты, а ўсяго ў ландтагу 73 месцы.

Каму пайшлі галасы СДПГ, зялёных і SSW? Само сабой, хадэкам. Умацавала пазіцыі і Свабодная дэмакратычная партыя, якая ўжо даўнавата перастала быць урадавай у Германіі. Падтрымка лібералаў пабольшала на 3,3 працэнта. Атрымаўшы 11,5 працэнта галасоў выбаршчыкаў, яны будуць мець у ландатагу 9 крэслаў.

І нарэшце ўжо ў дванаццатым зямельным парламенце будуць засядаць прадстаўнікі правапапулісцкай Альтэрнатывы для Германіі. У Шлезвіг-Гольштайне гэтую партыю падтрымалі 5,9 працэнта выбаршчыкаў, і яна будзе мець 5 мандатаў. Сацыялогія яшчэ пакажа, хто падтрымаў ультраправых, але ўжо цяпер ясна, што ў Шлезвіг-Гольштайне страцілі не хадэкі і не лібералы. Страты панеслі сацыял-дэмакраты і іх саюзнікі па ўрадавай кааліцыі.

Не дапамагло сацыял-дэмакратам і зялёным і тое, што Партыя піратаў, якая на папярэдніх выбарах атрымала падтрымку 8,2 адсотка выбаршчыкаў і 6 мандатаў, апынулася сёлета за сценамі ландтага.

І яшчэ дзве сумныя навіны для сацыял-дэмакратаў.

Першая. «Шульц-эфект», на які так спадзяваліся эсдэкі, зноў не спрацаваў. У сакавіку, нагадаю, папулярнасць новага лідара СДПГ не прынесла ніякай карысці сацыял-дэмакратам Саара. Ці будзе з яе якая карысць на выбарах у ландтаг Паўночнага Рэйна — Вестфаліі, якія адбудуцца 14 траўня, пабачым.

Другая. Асаблівасцю сёлетніх выбараў у Шлезвіг-Гальштэйне было тое, што ўпершыню на выбарчыя участкі прыйшлі 16-гадовыя грамадзяне. Праўдападобна, у большасці гэтыя юныя немкі і немцы галасавалі не за сацыял-дэмакратаў і не за зялёных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?