Групе амерыканскіх навукоўцаў, якія даследуюць мора Роса, удалося сфатаграфаваць тып лёду, які рэдка сустракаецца — «драконавая скура». Пра гэта паведамляе Tut.by са спасылкай на сайт Інстытута марскіх і антарктычных даследаванняў пры Універсітэце Тасманіі.
Тут і ніжэй фота: Guy Williams / PIPER collaboration
«Драконавая скура» ўтвараецца пад уздзеяннем катабатычных вятроў, накіраваных уніз. Яны падымаюць краі марскога лёду і прымушаюць іх датыкацца адзін да аднаго. Такім чынам утвараюцца рыфленыя грабяні, падобныя да скуры міфічнай істоты.
Доктар Гай Уільямс з інстытута марскіх і антарктычных даследаванняў (IMAS) заўважыў, што «драконавая скура» — рэдкая з'ява. У Антарктыцы такі лёд убачылі ўпершыню за дзесяць гадоў.
Першапачатковай мэтай экспедыцыі было вывучэнне палонкі — прасторы чыстай (адкрытай) вады ў ледзяным покрыве мора Роса падчас палярнай зімы. У экспедыцыі бяруць удзел 27 навукоўцаў з 8 краін свету, яна скончыцца ў чэрвені гэтага года.





