Разумееце, ёсць такая штука, як «не можа быць». Не можа быць, каб у маім любімым горадзе кожны год с*алі і там, і тут людзі з атрафіраваным густам і гіпертрафіраванай лаяльнасцю, а горад пры гэтым рабіўся лепшым. Я кажу, што Менск прыгажэе і харашэе. Але такога не можа быць. Бо паляпшэнне адбываецца не так. Ну не так яно адбываецца!

Кожны дзень найлепшыя людзі маёй краіны з'язджаюць за мяжу ці замыкаюцца ў сабе, а мы чакаем, што беларусы паўстануць і зменяць. Мы кажам, што нас усё болей і будзе ўсё лепей — але гэтага не можа быць. Бо паляпшаецца — не так.

А што, што адбываецца тады, калі адбываецца — так?

Тады проста мяняецца пакаленне.

Я вырас, паблажліва пазіраючы на вечна незадаволеных «старыкоў», якія бясконца махаюць сваімі шпагамі-хварасцінкамі, стоячы на баку гісторыі, страсаючы пыл, што пакідаюць імклівыя аўто на іх саламяных брылях.

Я вырас — паблажлівы да папярэднікаў і ўпэўнены ў сабе. Я вырас з разуменнем таго, што іх лямант, нібыта «ўсё прапала», — гэта лямант людзей, якія не разумеюць, што адбываецца і якія не могуць знайсці сабе месца.

Мне было лягчэй. Я вырас без адчування віны, што я «прас*аў краіну», бо калі яе прасі*алі, я быў маленькі, то бок — бязгрэшны.

А яны выраслі ў бруднай вадзе і яны былі ўпэўнены, што ў стане зрабіць ваду чысцейшай, але не змаглі.

Мне дасталася яшчэ бруднейшая. У якой мінулыя змагары, патрыёты, — называйце як хочаце, — жыць ужо не могуць, а могуць толькі крычаць пра тое, што вада збруднела невыносна.

Праблема адна.

Я таксама і «мы» таксама не можам зрабіць ваду чысцейшай. Мы лічым, што яна брудная, але прыдатная для жыцця.

Калі прыйдуць іншыя, яшчэ больш паблажлівыя, а я падыму на ўзбочыне саламяны брыль, то крыкну пра тое, што у іхнай новай бруднай вадзе жыць ужо немажліва.

А мне адкажуць, што я проста не магу знайсці сабе месца, стоячы на ўзбочыне гісторыі са сваім брылём.

І бясспрэчным застанецца толькі той факт, што вада бруднее і бруднее, а ў ёй усё нараджаюцца і нараджаюцца пакаленні, якія ўсё лічаць і лічыць ваду бруднай, але несмяротнай і збольшага прыдатнай.

І вось як называць кожнае новае пакаленне гэтых умоўных рыбаў: больш жывучым ці больш брудным? Гэта пытанне. І ці скончыцца гэта і ці зменіцца гэта — яшчэ адно пытанне.

І яшчэ так не хочацца саламянага брыля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0