Як паведамілі «Нашай Ніве» ва ўпраўленні Следчага Камітэта па Магілёўскай вобласці, у дачыненні жыхара Асіповіч 1967 года нараджэння заведзеная крымінальная справа па артыкуле 340 — «Заведама хлуслівае паведамленне аб небяспецы».
Той грамадзянін 1967 года нараджэння — гэта, па версіі следства, ужо былы намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама Аляксандр Шаўлюга, які напрыканцы красавіка пазваніў у міліцыю са словамі, што будынак мясцовага КДБ і РУУС замініраваны.
Аляксандр Шаўлюга злева.
Вядома, што ніякіх бомбаў у будынках не знайшлося, але работа ведамстваў была часова паралізавана.
Навошта ён гэта зрабіў?
«Мы мяркуем, што ён быў у стане алкагольнага ап'янення. Але гэта не канчаткова — вядзецца расследаванне», — кажуць у прэс-службе Следчага Камітэта.
Адразу пасля здарэння Шаўлюгу звольнілі з работы — цяпер ён знаходзіцца дома.
Пры спробе журналіста пагаварыць з ім экс-чыноўнік кінуў трубку, толькі пачуўшы, адкуль тэлефануюць.
У Асіповіцкім райвыканкаме, дарэчы, Шаўлюга курыраваў ідэалагічную работу, працу з моладдзю і СМІ.
Цяпер яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.





