Удзень 9 мая ў міліцыю патэлефанаваў малады чалавек, які распавёў, што яго бацька ў кватэры дома па вуліцы Каменнагорскай у Мінску, пагражае сям'і прадметам, што вонкава нагадвае гранату. Пра гэта паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.

Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца здарэння, затрымалі п'янага 54-гадовага мінчука.

Пры аглядзе кватэры былі выяўленыя тры металічныя прадметы, што вонкава нагадвалі выбуховыя прылады.

«Сапёрна-піратэхнічнай групай в/ч 5448 было ўстаноўлена, што знойдзеныя прадметы меркавана з'яўляюцца самаробнымі выбуховымі прыладамі, бо адным з рэчываў, якія знаходзяцца ўнутры, з'яўляецца порах. Наконт канфіскаваных прадметаў прызначаная экспертыза», - распавялі ў міліцыі і адзначылі, што затрыманы працуе токарам.

Высветлілася, што паміж затрыманым 54-гадовым мужчынам, яго былой жонкай і сынам адбыўся канфлікт.

У дачыненні да затрыманага заведзена крымінальная справа па артыкуле 186 (Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яму можа пагражаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 2 гадоў.

Раней мужчына да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0