З 19 траўня Рассельгаснагляд уводзіць часовыя абмежаваньні на пастаўкі ў Расею прадукцыі высокай рызыкі (сухое малако, сыр, масла), вырабленай беларускімі прадпрыемствамі.

Пад забарону трапілі Кобрынскі масла-сыраробны завод, Маладзечанскі малочны камбінат, малочная кампанія «Наваградзкія дары», Пружанскі малочны камбінат, Слуцкі сыраробны камбінат і яго любанскі філіял.

Як паведамляе Рассельгаснагляд, прычынай забароны сталі неаднаразовыя парушэньні гэтымі прадпрыемствамі вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў ЭАЭС, парушэньні паказчыкаў бясьпекі, паўторныя выяўленьні рэшткаў антыбіётыкаў у малочнай прадукцыі.

Да таго ж расейскае ведамства ўвяло з 19 траўня часовыя абмежаваньні на пастаўкі сухой малочнай сыроваткі, вырабленай на прадпрыемстве «Бабушкина крынка». У ёй таксама выявілі рэшткі антыбіётыкаў.

Рассельгаснагляд паведаміў беларускаму боку пра выпадкі паступленьня на тэрыторыю Расеі прадукцыі з парушэньнем якаснага складу ад Баранавіцкага малочнага камбінату, прадпрыемства «Верхний луг», Бярэзінскага філіялу «Здравушка-милк» і Ашмянскага сыраробнага заводу (філіял ААТ «Лідзкі малочна-кансэрвавы камбінат»). А ў прадукцыі «Малочнага полюса» паўторна знойдзеныя рэшткі антыбіётыку афлаксаціну і кансэрванта Е235.

Таксама Рассельгаснагляд запатрабаваў ад беларускага боку ўвесьці ўзмоцнены лябараторны кантроль прадукцыі філіялу «Скідзельская птушкафабрыка» ААТ «Агракамбінат Скідзельскі».

Расейскі бок прыгразіў увесьці абмежаваньні на прадукцыю і гэтых прадпрыемстваў, калі беларускі бок ня зробіць належных захадаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?