Пацвердзіліся паведамленні аб тым, што адміністрацыя Дональда Трампа плануе рэзка скараціць замежную дапамогу, у тым ліку і за кошт адмовы ад амаль 8 млн даляраў, якія вылучаліся на Беларусь. Гэта вынікае з праекту бюджэту, які адміністрацыя прэзідэнта ЗША запатрабавала на фінансаванне Дзярждэпартамента ў 2018 годзе. Дадзеныя пра гэта пацвердзілі і ў амбасадзе ЗША ў Мінску, піша Tut.by.

Reuters

Reuters

«Адміністрацыя [прэзідэнта] не ўключыла замежную дапамогу для Беларусі ў Запыт на 2018 фіскальны год. ЗША застаюцца прыхільнымі падтрымцы Беларусі ў пабудове моцнага грамадства і дынамічнага развіцця эканомікі з дапамогай нашага сталага дыпламатычнага ўзаемадзеяння», — адзначылі ў пасольстве.

За прыняцце бюджэту ЗША яшчэ павінны прагаласаваць у Кангрэсе. Аднак у бюджэтным запыце на 2018 год, які апублікаваны на сайце Дзярждэпа ЗША, насупраць усіх пазіцый у раздзеле аб Беларусі стаяць прочыркі. Для параўнання, у 2016 годзе на дапамогу Беларусі вылучылі 7,9 млн даляраў.

Скрыншот з запыту на бюджэт Дзярждэпа ЗША на 2018 год. У левай калонцы — бюджэт на 2016 год, у правай — план на 2018-ы

Скрыншот з запыту на бюджэт Дзярждэпа ЗША на 2018 год. У левай калонцы — бюджэт на 2016 год, у правай — план на 2018-ы

З іх 6,8 млн пайшлі па артыкуле «Справядлівае і дэмакратычнае дзяржаўнае кіраванне», у тым ліку 200 тысяч даляраў на «Вяршэнства права і правы чалавека», 1,1 млн. — на «Палітычную канкурэнцыю і пабудова грамадскага кансенсусу», 5, 5 млн — на грамадзянскую супольнасць. Больш за 800 тысяч даляраў у мінулым годзе вылучалася па пазіцыі «Канкурэнтаздольнасць прыватнага сектара», а 240 тысяч — на барацьбу з трансгранічнай злачыннасцю.

Раней паведамлялася, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША плануе цалкам зрэзаць дапамогу, якая вылучалася Беларусі праз агенцтва па замежнай дапамозе USAID. USAID рэалізуе ў Беларусі шэраг праектаў у розных сферах, у тым ліку праграму прафесійных стажыровак Community Connections, канферэнцыі і школы стартапаў у сферы IT, праекты па развіцці малога бізнэсу ў рэгіёнах, барацьбе з гандлем людзьмі, падтрымцы людзей з інваліднасцю, бізнэс-адукацыі і г. д.

Беларусь — не адзіная краіна, якая трапіла пад скарачэнне. Дапамога Украіне зменшаная з 667 млн даляраў у 2016 годзе да 204 млн у 2018-м, Грузіі — з 81 да 34 млн. Увесь бюджэт Дзярждэпартамента ЗША прапануецца зрэзаць з больш чым 50 млрд даляраў у бягучым годзе да 37,6 млрд даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0