23 мая на адкрыцці Беларускага прамысловага форума намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў, што першую партыю аўтамабіляў на новым заводзе Geely пад Жодзінам збяруць ужо ў чэрвені. Чакаецца, што, калі завод выйдзе на поўную магутнасць, ён зможа вырабляць да 60 тысяч аўтамабіляў штогод. А калі продажы будуць высокімі, то вытворчасць можа павялічыцца ажно да 120 тысяч аўтамабіляў.

Цяжка сумнявацца ў здольнасцях беларускай прамысловасці — вырабляць тавар у вялікай колькасці яна ўмее. Але ўзнікаюць іншыя пытанні. Які сэнс будаваць у 2017 годзе аўтазавод, калі ўжо ў найбліжэйшыя 10—15 гадоў увесь свет будзе пераходзіць на электрамабілі? Больш за тое, які сэнс ствараць вытворчасць з арыентацыяй на Расію, калі расійскі аўтарынак падае ўжо некалькі гадоў?

Відавочна, што свет стаіць на парозе велізарных зменаў у аўтамабілебудаванні. Выкарыстанне электрычных рухавікоў замест бензінавых і дызельных — ужо не сюжэт фантастычных фільмаў, а рэальнасць, якая грукаецца ў дзверы і якую нельга ігнараваць. Раней электрамабілі адсутнічалі ў масавай вытворчасці, таму што яны не маглі канкураваць з паліўнымі аўтамабілямі праз вялікую колькасць хібаў: акумулятары хутка выходзілі з ладу, мелі невялікую магутнасць і вялікі кошт, іх утылізацыя была складанай і неэкалагічнай, а для абслугоўвання вялікай колькасці машын было неабходна ствараць вялікую інфраструктуру. Але зараз гэтыя недахопы электрамабіляў становяцца неактуальнымі. Так, машыны з электрычным рухавіком пакуль яшчэ адносна дарагія, але эксперты з Bloomberg мяркуюць, што ўжо ў 2025 годзе электрамабілі будуць каштаваць менш за аўтамабілі на паліўных рухавіках. У Renault яшчэ больш аптымістычныя наконт будучыні электрааўтамабіляў. Яны мяркуюць, што цэннікі на звычайныя аўтамабілі і электрамабілі зраўняюцца ўжо ў пачатку 2020-х.

Будаваць у такіх абставінах новы аўтазавод — занадта сумніўная ідэя, якая супярэчыць апошнім тэндэнцыям. Гэта тое ж самае, што інвеставаць у пачатку 1990-х у масавую вытворчасць друкарскіх машынак. Чымсьці гэта нагадвае сумна вядомую сумесную дзяржаўную праграму «Саюзны тэлевізар» так званага «саюза Беларусі і Расіі». Калі вы памятаеце, то ў пачатку 2000-х у рамках гэтай праграмы Беларусь і Расія інвеставалі больш за $100 мільёнаў, каб адрадзіць вытворчасць тэлевізараў. Вялікая частка гэтых грошай пайшла на «адраджэнне» варонежскага завода па вытворчасці кінескопаў з электронна-прамянёвых трубак. Што было далей, вы ведаеце: дзяржаўныя грошы былі засвоеныя, але ў свеце на месца кінескопным тэлевізарам прыйшлі тэлевізары з вадкакрышталічным экранам, такім чынам дзяржава ўклала грошы фактычна ў тэхналогію ўчорашняга дня.

У большасці людзей электрамабілі асацыююцца выключна з кампаніяй «Тэсла», хаця навуковымі распрацоўкамі ў гэтым кірунку цяпер займаюцца ўсе буйныя аўтавытворцы. У авангардзе гэтых распрацовак стаяць прыватныя кампаніі. А дзяржава, у сваю чаргу, проста дапамагае ствараць юрыдычную базу, адбудоўваць спецыяльную інфраструктуру, а таксама субсідуе набыццё электрамабіляў. Але калі ўсе ключавыя рашэнні ў эканоміцы прымае дзяржава, відавочна, што ў такой дзяржаве ніколі не з’явіцца «Тэсла».

Калі адказныя за будаўніцтва завода «Белджы» кажуць пра 60 тысяч аўтамабіляў на год з перспектывай павелічэння вытворчасці да 120 тысяч, яны спадзяюцца на экспарт гэтай прадукцыі, таму што беларускі рынак занадта маленькі для такіх аб’ёмаў. Наўрад ці гэтыя аўтамабілі будуць экспартавацца ў краіны Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. На 2015 год Geely экспартавала свае аўтамабілі ў наступныя краіны Еўропы: Беларусь, Украіна, Расія, Казахстан, Азербайджан і Турцыя. У іншых краінах Еўропы кітайскі аўтавытворца пакуль не мог канкураваць з іншымі даўно вядомымі вытворцамі.

Віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка спадзяецца, што «Джылі» будуць масава экспартавацца ў Расію. На адкрыцці беларускага прамысловага форуму ён адзначыў: «Мне здаецца, што праект атрымаўся. Таму што калі я гляджу статыстыку па Расіі за 2014 год ці 2015, не памятаю дакладна, то там моцна ўпаў рынак усходніх і заходніх мадэляў — на 25—40%. А продажы фірмы Geely выраслі на 45%».

Але калі паглядзець на афіцыйныя лічбы Geely, якія ёсць у вольным доступе, сітуацыя крыху іншая. Вось як выглядаюць паказчыкі дзейнасці Geely па колькасці прададзеных аўтамабіляў у Расіі.

  • 2008 — 3780
  • 2009 — 7681
  • 2010 — 1944
  • 2011 — 6060
  • 2012 — 17 566
  • 2013 — 27 263
  • 2014 — 18 828
  • 2015 — 11 617

Відавочна, што пік продажаў быў у 2013 годзе, а ў 2014 і 2015 гадах продажы аўтамабіляў падалі, як і ўвесь расійскі рынак. Дадзеных у вольным доступе за 2016 год яшчэ няма, але вядома, што летась Geely прадалі яшчэ менш аўтамабіляў у Расіі. Расійскі аўтарынак месяц за месяцам працягвае сваё падзенне, і дно гэтага падзення нават не адчуваецца. Як можна спадзявацца на рынак усходняга суседа ў такой сітуацыі — вялікая загадка.

Больш за тое, нават калі аўтарынак Расіі ачуняе, наўрад ці моцнае аўтамабільнае лобі ў Расіі дазволіць дзясяткам тысяч беларускіх аўто проста так трапіць на рынак федэрацыі.

Здаецца, на ўсіх узроўнях у нас дэкларуецца неабходнасць зніжэння эканамічнай залежнасці ад Расіі, але будаўніцтва вялікага аўтазавода не толькі не вырашае гэтую праблему, але толькі павялічвае залежнасць ад нашага ўсходняга суседа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?