Навукоўцы ў ЗША мадыфікавалі важны антыбіётык ванкаміцын у надзеі справіцца з адной з самых небяспечных у свеце бактэрый, піша ВBС.

Энтэракок. Выява SPL

Энтэракок. Выява SPL

Як паведамляе штотыднёвік Нацыянальнай акадэміі навук ЗША PNAS, новая версія лекаў стваралася з велізарным запасам трываласці і стала ў тысячу разоў мацнейшай за старую.

Яна змагаецца з так званымі супербактэрыямі адразу трыма спосабамі, практычна не пакідаючы ім шанцаў на выжыванне.

Зрэшты, новыя лекі яшчэ толькі трэба будзе выпрабаваць на жывёлах, а затым і на людзях.

Група навукоўцаў з Даследчага інстытута Скрыпса спадзяецца, што ў выпадку паспяховых клінічных выпрабаванняў мадыфікаваны ванкаміцын можна будзе ўжываць ужо праз пяць гадоў.

Эксперты ўжо не раз папярэджвалі, што мы стаім на парозе «пост-антыбіётыкавай эпохі», калі некаторыя інфекцыі перастануць паддавацца лячэнню.

Сярод інфекцый, якія цяжка паддаюцца лячэнню і выклікаюць асцярогі ў дактароў, вылучаюць ванкаміцын-рэзістэнтны энтеракок (ВРЭ).

ВРЭ быў знойдзены ў бальніцах, ён можа выклікаць сур'ёзныя інфекцыі ран і заражэнне крыві і, па думку СААЗ, уяўляе сур'ёзную пагрозу чалавечаму здароўю.

Некаторыя антыбіётыкі па-ранейшаму эфектыўныя супраць ВРЭ, аднак ванкаміцын, якому ўжо 60 гадоў, у дадзеным выпадку бяссільны.

Група навукоўцаў з Інстытута Скрыпса вырашыла высветліць, ці змогуць яны пераўтварыць ванкаміцын і аднавіць яго забойную сілу.

Яны мадыфікавалі малекулярную структуру старога прэпарата такім чынам, каб ён максімальна паспяхова атакаваў бактэрыі ў самым ўразлівым месцы, руйнуючы іх клеткавыя сценкі.

Тры мадыфікацыі аказаліся стратэгічна найбольш важнымі, падвысіўшы сілу і працягласць дзеяння лекаў.

«Спачатку мы ўнеслі адно змяненне ў малекулу ванкаміцыну, якое дазволіла вырашыць праблему ўстойлівасці да гэтага прэпарата, — тлумачыць доктар Дэйл Боджэр, які кіраваў групай даследчыкаў. — А затым мы ўнеслі ў малекулу яшчэ дзве невялікіх змены, якія адкрылі лекам два новыя спосабы знішчэння бактэрый».

Такім чынам у антыбіётыка з'явілася адразу тры, як мы іх называем, «механізмы» забойства бактэрый, — працягвае навуковец. — І ўстойлівасць да такога антыбіётыка будзе вельмі цяжка развіць. Бо гэтая малекула створаная спецыяльна для вырашэння праблемы ўзнікнення рэзістэнтнасці».

Мадыфікаваны прапарат здолеў забіць ўзоры ВРЭ ў лабараторных умовах і практычна не страціў сваёй эфектыўнасці пасля 50 цыклаў працы з бактэрыямі.

«Жывыя арганізмы не ў стане адначасова шукаць шляхі абыходу трох незалежных механізмаў іх знішчэння, — кажа доктар Боджэр. — Нават калі яны знойдуць рашэнне адной праблемы, яны ўсё роўна будуць забітыя двума іншымі. Так што дактары могуць выкарыстоўваць мадыфікаваны ванкаміцын, не баючыся ўзнікнення ўстойлівасці да яго».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?