«Сьвятлана Аляксандраўна пагадзілася прыехаць у Гомель і сустрэцца зь землякамі ў грамадзка-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52. Прынцыповая дамова была й раней, а сёньня мы канчаткова абгаварылі фармат сустрэчы. На жаль, сустрэча можа адбыцца толькі ў абмежаваным рэжыме, па запрашэньнях. З прычыны здароўя пісьменьніца ня можа выступіць у нашым амфітэатры на вуліцы, дзе зьмяшчаецца каля трохсот чалавек. А памяшканьне канфэрэнц-залі невялікае, можа зьмясьціць сама больш шэсьць дзясяткаў чытачоў. Мы, канечне, пагаджаемся на любыя ўмовы, зручныя найперш для самой пісьменьніцы. І вельмі ўдзячныя ёй за згоду», — кажа Кацора.

У тэлефоннай размове Алексіевіч пацьвердзіла свой візыт у Гомель, сказаўшы, што мае правесьці тут толькі адну сустрэчу. І менавіта на Палескай, 52.

Раней меркавалася, што ў Гомлі Сьвятлана Алексіевіч сустрэнецца зь землякамі яшчэ і ў абласной бібліятэцы. Пра такую сустрэчу дамовіўся старшыня Гомельскага аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Анатоль Бароўскі. Была нават абвестка. Але дырэктарка бібліятэкі Марына Рафеева, на вялікае зьдзіўленьне таго ж Бароўскага ды многіх жыхароў абласнога цэнтру, стала адмаўляцца, тлумачыць журналістам, што з аддзяленьнем Саюзу беларускіх пісьменьнікаў была дамова толькі пра «магчымасьць такой сустрэчы, а не пра самую сустрэчу».

Землякі зь мястэчка Капаткевічы Петрыкаўскага раёну, дзе Сьвятлана Алексіевіч скончыла сярэднюю школу, таксама жадаюць бачыць сваю выбітную аднаклясьніцу ў сьценах роднай школы. На пачатку ліпеня тут зьбіраюцца на супольную сустрэчу выпускнікі 1965 году.

«Гэта была б фантастыка, калі б Сьвятлана прыехала ў Капаткевічы», — не хавае радасьці школьная сяброўка Алексіевіч Надзея Коржык.

Дырэктарка школы Натальля Камнацкая і завуч Натальля Каліцька пацьвердзілі рэгіянальнаму кіраўніку Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатолю Гатоўчыцу, які апякуецца сустрэчай, што заўсёды рады прыняць выбітную выпускніцу школы як самую дарагую госьцю. Была б толькі на тое згода самой Сьвятланы Алексіевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0