Кожнаму хоць раз у жыцьці даводзілася хварэць на грыпу ці звычайнае «ОРВІ», то бок прастуду. Лепей не хварэць, бо ў супрацьлеглым выпадку, вам абавязкова прыйдзецца наведаць такую установу як «дзяржаўная паліклініка». Шчасьлівы той, хто ніколі там не быў. А вось мне на жаль, аднойчы давялося. Але ўсё па парадку…

Звычайны буднічны ранак, калі не заўважаць на прастудныя сымптомы. Што ж рабіць? Шлях ад ложку да тэлефона складаны як ніколі. Знаходжу нататнік, набіраю нумар «роднай» паліклінікі.

— Паліклініка слушает.

— Добрага ранку, хачу выклікаць урача на дом.

— Цемпература какая?

— 38

— Дыктуйце адрас. Харашо. Ждзіце.

І я чакаў… Трэба адзначыць, што тэлефанаваў я туды прыкладна а 8 гадзіне. А пятай гадзіне я пачаў турбавацца, што мэдыкі ўвогуле на мяне забыліся. Разумееце мой настрой, калі а восьмай гадзіне вечара Ён, то бок урач, усё ж такі з’явіўся, гэта пасля 12— ці гадзіннага чаканьня, а калі б са мной штосьці здарылася?! Але гэта было яшчэ не ўсё. Урач павітаўся, потым звычайная працэдура «Дышыце, не дышыце». І… саслаўшыся на тэрміновыя справы зьбег. Высунуўшыся з кватэры, я крыкнуў у пад’езд: «А хто мне лекі будзе выпісываць? І калі мне ў паліклініку прыходзіць?» «Через пять дней позвоните в поликлинику, там всё скажут», — адказаў голас з пад’езду. Так я і зрабіў. З размовы з дыспэтчарам я даведаўся, што на маем участку ўрача ўвогуле няма, таму прыём будзе праходзіць па жывой чарзе і «лучше бы вам прийти пораньше, ну… чтобы к врачу попасть». Зайшоўшы ў паліклініку і ўбачыўшы чаргу, памятную з часоў гарбачоўскай перабудовы, я зразумеў, што на прыём я сёньня не трапляю аніяк. Раз’юшаны не на жарт, я пайшоў шукаць кабінэт заведуючага.

— Вы мне растлумачыце, што робіцца ў вашай паліклініцы?!

І далей я паведаміў заведуючаму сумна-камічную гісторыю маёй хваробы.

— Сядайце, малады чалавек, супакойцеся. Канечне, я вам усё растлумачу. Справа ў тым, што ў паліклініцы зараз працуе ў два разы менш тэрапэўтаў, чым патрэбна. Да вас прыходзіў дзяжурны ўрач, які на візытах у нас адзін.

— А ад чаго такое цяжкае становішча, чаму не хапае мэдыкаў?

— Ніхто не жадае тут працаваць, заробная плата нізкая, праца складаная і нэрвовая.

— А як жа маладыя спэцыялісты?

— Яны зыходзяць, адразу пасьля адпрацоўкі. Людзі не задаволены, а што мы можам зрабіць. Вось ліст, які адна грамадзянка напісала у вышэйшую ўстанову, нават не зайшоўшы да мяне, і ліст такі, не адзіны. Цяпер я вінен пазбавіць нашага неўрапатолага прэміі. А як я гэта зраблю, калі ён у нас апошні.

— Трэба ж неяк выходзіць са становішча.

— На жаль гэту праблему мы самі вырашыць ня можам, ў такім становішчы апынулася не толькі адна наша паліклініка. Гэта праблема іншага узроўню.

У рэшце рэшт заведуючы сам мяне агледзеў і выпісаў лекі.

У вэстыбюлі было шмат людзей, якія прышлі па талёны. У бясконцай чарзе ўзьнікла сварка.

— Вы не стояли здесь!

— Как не стояла, я раньше вас пришла!

— Вы обе не в свою очередь стали!

Праз некалькі хвілінаў уся чарга лямантавала на розныя галасы.

Так, грамадзяне, у нашых паліклініках можна пастаяць у чарзе, пасварыцца з кімсь, наслухацца сумных гісторыяў, там можна шмат чаго рабіць, але з— за недахопу мэдыкаў, грошай, ды абсталяваньня, там вельмі складана атрымаць мэдычную дапамогу. Так што… лепей не хварэць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?