Польшча і ЗША прыйшлі да папярэдняй згоды наконт разьмяшчэньня на польскай тэрыторыі часткі амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны – дамова была парафаваная ў чацьвер увечары ў Варшаве.
Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі паведаміў, што ў Польшчы будуць разьмешчаныя дзьве амэрыканскія базы. На адной будуць 10 ракет-перахопнікаў балістычных ракет далёкага радыюсу дзеяньня, на другой – 96 ракет “Patriot”.
Дамова прадугледжвае, што на тэрыторыі Польшчы, акрамя сыстэмы зьнішчэньня балістычных ракетаў, пушчаных на тэрыторыю ЗША, будзе знаходзіцца амэрыканскі вайсковы гарнізон (да 2012 году). Чакаецца, што ў абмен на дазвол разьмясьціць на сваёй тэрыторыі 10 амэрыканскіх ракет-перахопнікаў Вашынгтон перадасьць Варшаве таксама ракетныя ўстаноўкі “Патрыёт” і, паводле афіцыйнай інфармацыі, возьме “значны ўдзел у мадэрнізацыі польскага войска”.
“ЗША прынялі на сябе абавязак шчыльна супрацоўнічаць з намі ў выпадку якой-кольвечы пагрозы для Польшчы з боку трэціх дзяржаваў... Гэта крок у бок узмацненьня бясьпекі Польшчы ў будучым”, – заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск.
Туск падкрэсьліў, што “што насуперак шматлікім каментарам у мэдыях,
хуткае завяршэньне перамоваў з ЗША не зьвязанае з падзеямі ў Грузіі”.
Міжтым Расея ад самога пачатку пратэставала супраць плянаў ЗША што да разьмяшчэньня частак супрацьракетнага шчыта у Польшчы і Чэхіі, пагражаючы “навядзеньнем расейскіх ракет на месцы дысьлякацыі гэтых аб’ектаў”.
Сёньня стала вядома, што
міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў адмовіўся ад заплянаванага на верасень візыту ў Варшаву.
Раней ЗША падпісалі дамову аб разьмяшчэньні ў Чэхіі сваёй радарнай устаноўкі.