Мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі прапанаваў на выставу сем сваіх работ. Сярод іх трыпціх «Мая Беларусь. На скрыжаванні стагоддзяў», у цэнтры якога намаляваны Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі. Але экспертная рада не ўхваліла паказ гэтага твора для шырокай публікі.

7 чэрвеня ў сталічным Палацы мастацтва адкрыецца выстава «Псіхалогія ладу». «Фактычна, гэта выстава партрэтаў, — кажа старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — На такія праекты заўжды дасылаюць неімаверна шмат твораў. Сярод іх ёсць і тыя, якія нельга паказваць па мастацкіх вартасцях — яны саматужныя, самадзейныя». Для адбору лепшых твораў была створана экспертная рада. Па словах Сітніцы, у яе склад увайшло каля пятнаццаці чалавек - члены прэзідыума Саюза мастакоў, а таксама кіраўнікі творчых секцый.

Аляксей Панцюк-Жукоўскі, які апошнія тры дзесяцігоддзі выкладае малюнак, жывапіс і кампазіцыю ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка, прапанаваў на выставу сем сваіх твораў. Па словах мастака, гэта партрэты Уладзіміра Мулявіна, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча, Васіля Быкава, а таксама трыпціх «Мая Беларусь. На скрыжаванні стагоддзяў». У яго левай частцы намаляваны Пятро Машэраў, у правай — вялікі князь, а потым кароль літоўскі Міндоўг, у цэнтры — Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем. Але экспертная рада прыняла на выставу толькі партрэты Багдановіча і Быкава.

У Панцюка-Жукоўскага гэтае рашэнне выклікала абурэнне: «Мне нічога не казалі пра творчыя, мастацкія аспекты. Як напісаны працы, дзе памылкі, што выправіць, каб іх палепшыць. Запытваліся: а працу бачылі зверху? Хто табе дазволіў маляваць першую асобу ў дзяржаве? Ты народны мастак, табе замовілі гэтую працу?»

Але Рыгор Сітніца поўнасцю адмаўляе гэтыя абвінавачванні. Паводле яго слоў, «наракаць, што там ёсць палітычны або асабісты чыннік не выпадае». Кіраўнік Саюза мастакоў не ведае, «хто мусіць афіцыйна дазваляць паказ любых твораў».

Ён бачыць толькі творчую прычыну для адмовы і дадае: «Адхіляў не старшыня саюза, не ягоны намеснік, а калегіяльны орган, прадстаўнікі якога ўбачылі сваю прычыну».

У якасці адной з канкрэтных прэтэнзій мастак прыводзіць прыклад з Міндоўгам:

«Звярніце ўвагу, ён у латах XVI стагоддзя! Я казаў аўтару: ты памыліўся гадоў на трыста-чатырыста (Міндоўг быў забіты ў 1263 годзе. Але яму што латы Юрыя Радзівіла, што латы Міндоўга — усё аднолькава. Наколькі я ведаю, Панцюк-Жукоўскі — аматар такіх партрэтаў. Цяпер ён будзе трубіць пра забарону, што яму між іншым і трэба».

Трыпціх «Мая Беларусь. На скрыжаванні стагоддзяў »быў створаны яшчэ ў 2014 годзе. Аляксей Панцюк-Жукоўскі выклаў гэты твор на сваёй старонцы «Укантакце». Як патлумачыў мастак TUT.BY, ён узяў тры вехі беларускай гісторыі: «Першы этап — станаўленне беларускага народа з Міндоўгам. Другі — станаўленне сацыялістычнай Беларусі, звязанае з імем Машэрава (хоць ён і праводзіў русіфікацыю і закрываў беларускія школы)».

На пытанне, чаму ў цэнтры працы намаляваны дзейны прэзідэнт, Панцюк-Жукоўскі адказвае сваім пытаннем: «А каго вы б хацелі бачыць у сярэдняй частцы? Пазьняка? Грыба? Кебіча? Якую палітычную асобу, якая б аб’ядноўвала нас усіх, якая мае вагу на сённяшні дзень?» Мастак ставіцца да кіраўніка дзяржавы супярэчліва, але перакананы, што лепшага героя для сярэдняй частцы трыпціха не знайсці.

«Я некалькі разоў пісаў Аляксандру Рыгоравічу лісты пра беларускасць, пра лёс беларускай мовы, — кажа мастак. — Сёння па тэлебачанні вы ўжо бачыце беларускую рэкламу. Можа, тут ёсць доля і майго ўплыву».

На пытанне TUT.BY, чаму на карціне намаляваны сын дзейнага прэзідэнта, мастак кажа, што гэта не Мікалай, а «мастацкі вобраз маладой Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?