Мітрапаліт Мікалай (21 траўня 1917 — 20 чэрвеня 2002), праваслаўны святар, архіяпіскап, першаярарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у эміграцыі (1983—2002 гг.), рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа. Удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст. У свецкім жыцці — Міхась Мацукевіч.

Вышыты Ірынаю Варабей партрэт Мітрапаліта Мікалая.

Вышыты Ірынаю Варабей партрэт Мітрапаліта Мікалая.

Нарадзіўся 21.05.1917 на хутары Суяцін Яршоўскага павета Самарскай губ. Паходзіў з праваслаўнай сям'і беларусаў-бежанцаў. У час Першай сусветнай вайны бацькі — Кандрат і Домна Мацукевічы — выехалі з роднай вёскі Моталь на Берасцейшчыне ў Расею. У 1921 г., пасля смерці маці і сястры, вярнуўся разам з бацькам і двума братамі ў Беларусь. Скончыў пачатковую школу (1932). Пазней вучыўся ў Тараканаўскай сельскагаспадарчай школе. Служыў у польскім войску ў Берасці, дзе сустрэў Другую сусветную вайну. Быў паранены. У лістападзе 1939 г. вярнуўся дадому. Вучыўся на настаўніцкіх курсах у Берасці. Пазней пераехаў у Пінск. Пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі «працаваў на ўласнай гаспадарцы». У красавіку 1944 г. быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і вывезены ў Германію на прымусовую работу. У лютым 1945 г. вызвалены амерыканскімі войскамі. З 17.03.1945 жыў у Вялікабрытаніі, дзе працаваў на ферме недалёка ад г. Глазга. Пасля 1949 г. жыў у Лондане, дзе на працягу двух гадоў працаваў адміністратарам Беларускага дома. У жніўні 1951 г. пераехаў у Канаду. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Калегіі св. Андрэя ў г. Вініпег. У кафедральным саборы Св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку 02.10.1966 пастрыгся ў манахі і прыняў імя Мікалай. На наступны дзень узведзены архіепіскапам БАПЦ Сяргеем у сан ігумена і архімандрыта. Рукапаложаны ў сан япіскапа Турава-Пінскага і Таронцкага 10.03.1968 у Аўстраліі. У траўні 1983 г. на надзвычайным саборы БАПЦ у Кліўлендзе, Агаё абраны першаярархам БАПЦ. На 3-м саборы БАПЦ у царкве Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-Парку (Нью-Ёрк) абраны паўторна першаярархам БАПЦ. Садзейнічаў выданню царкоўна-рэлігійных кніг «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980). У лютым-сакавіку 1992 г. наведаў Беларусь. Узначальваў Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Памёр 20.06.2002 у Таронта. 

28 траўня 2017 г. у Беларускім Грамадзка-Рэлігійным Цэнтры горада Таронта адбылася Ганаровая Акадэмія з нагоды 100-годдзя Мітрапаліта Мікалая — Першаярарха Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы у 1983—2002 гг. 

Сьвяточны дзень пачаўся з ранішняга набажэнства ў Царкве Сьв. Кірылы Тураўскага пад кіраўніцтвам Першаярарха БАПЦ Архіяпіскапа Сьвятаслава з удзелам айца Аўгена і госця з Украіны япіскапа Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Уладзімера. Набажэнства скончылася традыцыйным спяваньнем духоўнага гімну беларусаў ''Магутны Божа''. 

А 12-й гадзіне распачалася галоўная частка праграмы ўрачыстасьцяў — Ганаровaя Акадэмія. Ва ўступным слове Старшыня Галоўнае Ўправы Згуртавання Беларусаў Канады Зміцер Эльяшэвіч зазнaчыў, што сёння беларусы аддаюць даніну пашаны чалавеку, які стаяў ля вытокаў рэлігійнага жыцьця беларускае праваслаўнае грамады Канады. Духоўны айцец, асветнік, перакладчык — багата паспеў зрабіць Уладыка Мікалай за дзесяцігоддзі самаахвярнага служэньня людзям і Богу. Яго мудрыя словы казанняў, вялізарная працавітасьць, надзвычайная сціпласьць прыцягвалі і вернікаў, і тых, хто ў пэўны момант жыцьця проста меў патрэбу ў разумнай парадзе. Гэтымі днямі і парафіяне і духавенства нашае царквы аддаюць належнае свайму духоўнаму правадыру і айцу.

Старшыня Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады Зьміцер Эльяшэвіч.

Старшыня Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады Зьміцер Эльяшэвіч.

У сваім казанні пра Ўладыку Мікалая Архіяпіскап Сьвятаслаў узгадаў пра тыя выклікі лёсу, нябачныя нашаму воку выпрабаванні, што мусіў прымаць і мужна пераадольваць славуты юбіляр на сваім жыцьцёвым шляху. Наведванне беларускіх асяродкаў на трох кантынентах — Аўстраліі, Эўропе, Паўночнай Амэрыцы, пералёты з усім неабходным для набажэнстваў адзеньнем, рэгаліямі, іншымі рэчамі - гэта нават з фізічнага боку нялёгка. Уладыка Мікалай моўчкі пераўзмагаў ўсе цяжкасці і мужна ішоў наперад у сваім ахвярным служэньні Царкве, людзям, Беларусі. І пры ўсім тым пакінуў наступным пакаленьням беларусаў у спадчыну шмат напісанага, што безумоўна ёсьць важкім здабыткам Царквы і у агульным кантэксце — духоўным здабыткам усяе Беларускае Нацыі. 

Першаярарх БАПЦ Архіяпіскап Сьвятаслаў.

Першаярарх БАПЦ Архіяпіскап Сьвятаслаў.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла адзначыла, што Мітрапаліт Мікалай быў сьвятаром, вялікім патрыётам і адданым беларусам, якому хочацца аддаць чэсць у ейных развагах пра рэлігію. Яна прысутнічала на ягоных паховінах у чэрвені 2002 году і прыняла перададзены Радзе бел-чырвона-белы сьцяг, які пакрываў ягоную труну. З уладыкам Мікалаем яны з мужам Янкам пазнаёміліся, калі былі ўжо ў Канадзе. Адведваў ён іх у Атаве на Вадохрышча, сьвяціў іхні дом і ў іх начаваў. Тады яны мелі нагоду шмат пра што пагутарыць. Быў гэта чалавек лагодны, сьціплы і працавіты. Ён добра ведаў, ідучы вучыцца на сьвятара, што матэрыяльна жыцьцё яго будзе цяжкім. Але верыў у Бога і ў людзей і ніколі ня траціў надзеі. Быў Уладыка моцна перакананы, што вера ў Беларусі мусіць быць беларускай, і таму моцна бараніў аўтакефалію. Верыў, што прыйдзе час, калі Беларуская праваслаўная царква вызваліцца ад Масквы. 

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.

Заснавальніца канадыйскае дызайнерскае Кампаніі ''Спірыт оф Беларус'' (Дух Беларусі) Ірына Варабей падзялілася асабістымі ўспамінамі і зачытала колькісь момантаў са сваіх нататкаў для кнігі пра Уладыку, агучыўшы ў прыватнасьці наступнае: 

''Я хіба да апошняга ягонага дня не ўсьведамляла, які вялікі пост ён займае. Праўда. Як мне, дык бліжэй ён быў як манах. Як чалавек, чыім пострыгам і абетам стала вера ў маю Беларусь. Сьвятую, далёкую, як Бог, да канца мо й не спазнаную, але навек любімую. А калі некага па-сапраўднаму любіш — то яму й служыш.

Я сустрэла чалавека, хто быў гэтак жа закаханы ў яе, але ўпершыню ўбачыла, як і дзе можна па-сапраўднаму рэалізаваць сваё каханьне — служэньнем ёй. Ён быў бліжэй мне гэтай сваёй прысьвечаннасьцю і манаскім ладам жыцьця. Так, мне больш быў цікавы гэты бок ягонага жыцьця — жыцьця манаха, але не ўтоенага ад людзкога вока за манастырскімі мурамі. Жыць манахам сярод людзей… Не, я не бачыла, што гэта было складаным для яго. Думаю, гэта было сутнасьцю ягонай місіі на гэтым сьвеце: спачатку ён сам, у душы, абетаваўся служэньню Беларусі — а потым, калі гэтага патрабавала служэньне, прыняў і сьвятарства, і фармальнае манаства. Думаю, і ягоныя крокі да мітрапалітства былі з адзінай гэтай думкай: «…дзеля Беларусі». І Беларусь называў «сьвятой». Пэўна, некалі ён будзе кананізаваны. Спадзяюся. Адчуваю. Такім яго ўспрымаю''. 

Заснавальніца Канадыйскай дызайнерскай кампаніі ''Спірыт оф Беларус'' (Дух Беларусі) Ірына Варабей. Ікону з выяваю Сьв. Кірылы Тураўскага дэманструе Алесь Кот.

Заснавальніца Канадыйскай дызайнерскай кампаніі ''Спірыт оф Беларус'' (Дух Беларусі) Ірына Варабей. Ікону з выяваю Сьв. Кірылы Тураўскага дэманструе Алесь Кот.

Ікона з выяваю Сьв. Кірылы Тураўскага, намаляваная 16-гадовым Антосем Вараб'ём. 

Ікона з выяваю Сьв. Кірылы Тураўскага, намаляваная 16-гадовым Антосем Вараб'ём. 

І. Варабей ўзгадала, што Ўладыка Мікалай пакінуў ёй свае «Успаміны» (мемуары). Манускрыпт да гэтае пары захоўваецца у яе, і што варта б было іх надрукаваць асобным выданьнем.

Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады доктар Руслан Качаткоў пазначыў Уладыку Мiкалая як надзвычай добрага чалавека з цудоўнай аўрай i цеплай энергетыкай ад якога проста ішлi праменнi цяплынi i дабрынi. Калi ён веў службу i прапаведваў, здавалася ён зазiраў у душу кожнаму з нас, i слова Божае праз яго ўваходзiла ў нас i як быццам матэрэалiзавалася. Ен заснаваў такi моцны духоўны падмурак нашае парафii, што негледзячы на шматлiкiя складанасцi, наша царква i дасюль iснуе, жыве i працягвае весцi нас да Бога. 

Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады доктар Руслан Качаткоў.

Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады доктар Руслан Качаткоў.

Старшыня Нагляднае Рады Згуртавання Беларусаў Канады Надзея Дробіна на працягу 5 год была побач з Уладыкам, прымаючы актыўны ўдзел у грамадзка-рэлігійным жыцьці беларускага асяродку ў Канадзе. Выхадка з Гомельскае вобласьці, але прыехаўшая у 1997 г. з сям'ёю ў Канаду з Украіны, яны з мужам спачатку вырашылі туліцца да украінцаў, бо ня ведалі пра існаваньне ў Таронта зарганізаванага беларускага жыцьця. Але аднойчы, даведаўшыся пра Беларускую царкву ў Таронта, наведалі яе і мелі працяглую размову з Уладыкам Мікалаем, які ў той час быў кіраўніком парафіі Св. Кірылы Тураўскага БАПЦ у Таронта. Тая сустрэча моцна паўплывала на Н. Дробіну, і з таго часу ужо на працягу 20 год яна ў БАПЦ. 

Н. Дробіна зачыталала ўспамін доктара Раісы Жук-Грышкевіч - жонкі і сакратара Старшыні Рады БНР у 1970—1982гг. Вінцэнта Жук-Грышкевіча. 

У прыватнасці Р. Жук-Грышкевіч пісала, што Ўладыка Мікалай быў заўсёды цесна зьвязаны зь беларускім нацыянальным жыцьцём у Канадзе. Гэта дзякуючы Ўладыку Мікалаю царква Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта была, хіба, з усіх праваслаўных цэркваў самаю беларускамоўнаю. Мітрапаліт Мікалай сваім жыцьцём здабыў й пакінуў па сабе незацёрты сьлед, як канадыйцы кажуць «You made a difference». Ён стаўся пачаткам і кіраўніком існаваньня БАПЦ у Канадзе. Гэтым самым паставіўшы сабе манумэнт, і заняўшы месца ў гісторыі беларускае царквы, у гісторыі Беларусі.

Алесь Кот зрабіў рэв'ю успамінаў вядомых дзеячоў беларускага замежжа пра Мітрапаліта Мікалая. У прыватнасьці ён сказаў, што пісьменьнік Кастусь Акула (1925—2007), які ў 1948 г. заснаваў Згуртаванне Беларусаў Канады, у свой час узгадваў, што калі ў 1951 г. ў Таронта завітаў да яго сьціплы, ветлівы й зь віду надта памяркоўны чалавек, Міхась Мацукевіч, аказалася, што ў 1946 г. вясною яны абодва былі ў ваенным абозе Тэрсо на поўначы Шатландыі. У свой час расейцы-акупанты не далі яму магчымасці навучыцца роднае мовы, давялося здабываць яе ў Канадзе. Архіяпіскап Мікалай на працягу гадоў перакладаў на беларускую мову ўсё царкоўна-славянскае, неабходнае; гэткім чынам БАПЦ уводзіла беларускую мову ўва ўсіх сваіх парафіях. На сваё ўтрыманне Ўладыка Мікалай увесь час зарабляў працай на прадпрыемствах. Ён ніколі ня браў грошай за службу як сьвятар.

Алесь Кот. 

Алесь Кот. 

У сваіх успамінах доктар Янка Запруднік піша, што шмат супрацоўнічаў з Уладыкам Мікалаем у 1980—90-х гадах, калі рэдагаваў у Ню Ёрку газэту Беларус і дапамагаў Уладыку ў апрацоўванні ''Службоўніка'', аднае з ягоных галоўных публікацыяў. Апрача гэтага ведаў яго асабіста як чалавека яшчэ з часоў грамадзкага жыцця ў брытанскім Лёндане. Там у 1950—51 гадах адбыліся іхныя кароткія сустрэчы-гутаркі. Яны пакінулі Я. Запрудніку ўражаньне пра Ўладыку Мікалая як пра асобу лагоднае натуры. Пад паверхняй спакойнае асобы Ўладыка быў глыбокаверуючым чалавекам, шчырым патрыётам Беларусі, дбайлівым духовым пастырам і самаахвярна працавітым рэлігійным дзеячом. Сваёй працаюі ў вялікай меры за свае ж асабістыя сродкі (у дадатак да сьціплай дапамогі звонку) ён здолеў пакінуць трывалую спадчыну ў форме кніжных перакладаў-публікацыяў — перш-наперш ягонага фундаментальнага ''Службоўніка''. Гаворачы пра ўладыку Мікалая, д-р Я. Запруднік падкрэсьліў гістарычнае значэньне ягонай перакладніцка-выдавецкай дзейнасьці, асабліва ў сёлетнім годзе, калі разам са 100-годдзем нараджэньня Ўладыкі Мікалая, адзначаецца 500-годдзе выхаду Бібліі Францыска Скарыны.

Уладыка Мікалай у суправаджэньні афіцыйнае асобы з мэрыі Кліўленду у кулуарах 24-е Сустрэчы БПА.

Уладыка Мікалай у суправаджэньні афіцыйнае асобы з мэрыі Кліўленду у кулуарах 24-е Сустрэчы БПА.

Удзельнікі 24-е Сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкі ў Кліўлендзе, Агаё у 2000 г. ля царквы Беларускага цэнтара ''Полацак''. Гэтая Сустрэча сталася апошняю Сустрэчаю, у якой прыняў удзел Уладыка Мікалай. На здымку на першым пляне ў цэнтары зьлева направа: Уладыка Мікалай, Сямён Шарэцкі, губернатар штата Агаё Тафт (давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Джорджа Буша-малодшага), Івонка Сурвілла. За Сямёнам Шарэцкім бачны ў сьветлай кашулі Зянон Пазьняк. На фоне вакна, што зьлева ад уваходных дзьвярэй, высокі спадар з сівою барадою ў шэрай кашулі — Алесь Марачкін, які быў запрошаны распісаць унутраны інтэр'ер царквы.

Удзельнікі 24-е Сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкі ў Кліўлендзе, Агаё у 2000 г. ля царквы Беларускага цэнтара ''Полацак''. Гэтая Сустрэча сталася апошняю Сустрэчаю, у якой прыняў удзел Уладыка Мікалай. На здымку на першым пляне ў цэнтары зьлева направа: Уладыка Мікалай, Сямён Шарэцкі, губернатар штата Агаё Тафт (давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Джорджа Буша-малодшага), Івонка Сурвілла. За Сямёнам Шарэцкім бачны ў сьветлай кашулі Зянон Пазьняк. На фоне вакна, што зьлева ад уваходных дзьвярэй, высокі спадар з сівою барадою ў шэрай кашулі — Алесь Марачкін, які быў запрошаны распісаць унутраны інтэр'ер царквы.

Цікавыя ўспаміны адмыслова да ўрачыстасьцяў у Таронта даслаў Дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва (ЗША) доктар Вітаўт Кіпель. Узгадваючы постаць Мітрапаліта Мікалая як навукоўца В. Кіпель зазначыў, што Міхась Мацукевіч шмат працаваў у Нью Ёрскай публічнай бібліятэцы, працуючы над кнігаю пра Моталь, дасьледуючы лёсы людзей — выхадцаў з Моталю, іх сувязі з родным мястэчкам. Пры гэтым меў стасункі з рознымі дэпартаментамі бібліятэкі. Уладыка Мікалай лічыў за правіла кожны год увосень выступаць з прамоваю на тыдні славянскай спадчыны, што праводзіўся ў штаце Нью Ёрк, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі каля 15 этнічных групаў Амэрыкі. З гэтае нагоды Ўладыка Мікалай быў вядомы шмат у якіх нацыянальных асяродках. І на гэтай глебе ён быў асабіста знаёмы з губэрнатарам штата Ню Ёрк. В. Кіпель казаў, што кожны раз, калі яму даводзілася наведваць Беларусь, Ўладыка Мікалай снабжаў яго рэлігійнай літаратурай, каб хоць нешта з рэлігійнага на роднай мове сталася адвезеным на Бацькаўшчыну. Усяго 50 год плённага супрацоўніцтва Уладыкі Мікалая з БІНІМ у ЗША. Пісаў сам, распаўсюджваў выданьні БІНІМ, дапамагаў матэрыяльна іншым аўтарам. Уладыка Мікалай быў адданы навуковаму працэсу. Праз самаадукацыю ён узьняў сябе на надзвычайна высокі ўзровень, стаўшыся высокаінтэлектуальнай асобай. На асабістую думку В. Кіпеля з усіх паваенных ярархаў БАПЦ Уладыка Мікалай па свайму інтэлектуальнаму ўзроўню стаяў на самай высокай ступені. 

Алесь Кот таксама паінфармаваў прысутных, што сканчваецца шматгадовая праца над выданьнем спадчыны Уладыкі Мікалая. Вынікам супрацоўніцтва Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (ЗША), Факультэту паліталёгіі ўніверсітэта Марыі Кюры-Складоўскай (Польшча), Інстытуту Славістыкі Польскай Акадэміі Навук сталася кніга ''У малітве за Беларусь'' у трох тамах, агульная колькасьць бачынак у якіх складае больш за дзве з паловаю тысячы. Укладальнік кнігі — вядомы беларускі і польскі даследчык Юрась Гарбінскі. На рэалізацыю названага праэкту беларусы ЗША, Вялікае Брытаніі, Аўстраліі, Летувы і Канады сабралі каля 20 000 даляраў. 

У прадмове да названага выданьня Др. Вітаўт Кіпель, БІНІМ (Нью Ёрк, ЗША) адзначыў, што дадзеная праца прысвечаная жыцьцю й дзейнасьці Ўладыкі Мікалая — рэлігійнага мужа, аднаго з буйнейшых дзеячоў беларускае дыяспары, дзяржаўніка, дасьледніка. Апынуўшыся ў часе ваеннае завірухі на Захадзе, яму трэба было працаваць і на ральлі, і каля станка, прайсці праз вайсковую муштру ды, выжыўшы, атайбавацца ў Канадзе. Грамадзкі працаўнік Міхал Мацукевіч меў пакліканьне й выбраў рэлігію ды праваслаўную царкву. У гэтай галіне ён здабывае асвету, акунаецца цалкам у душпастырскую дзейнасьць, дапамагае беларускай дыяспары на Захадзе ды, падымаючыся са святара па іерархічнай лесьвіцы, ачольвае запачаткаваную ў Беларусі ў 1920-х гадох Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву (БАПЦ). Уладыка Мікалай у шматлікіх пропаведзях, пісьмовых працах, разважаньнях як у беларускіх колах, гэтак і сярод праваслаўнага духавенства ды шырокага канадзкага й амэрыканскага грамадзтва, абасноўваў і бараніў прынцып гістарычнае цягласці-спадчыннасці сённяшняе БАПЦ з Наваградзкай мэтраполіі, лучнасць з беларускім праваслаўем Вялікага Княства Літоўскага. З такім паглядам пагаджаецца дзяржаўніцкая беларуская дыяспара.

Алесь Кот зазначыў, што выйсьце кнігі безумоўна стане зьяваю ў беларускім сьвеце, і выказаў спадзяванне - добраю падставаю, штуршком для актывізацыі шырокае дыскусіі пра актуальнасць свае Беларускае ва ўсіх разглядваемых аспэктах царквы, якою сёння з'яўляецца БАПЦ — сапраўды свая Беларуская, сапраўды ні ад каго незалежная, і якую менавіта з-за гэтых ейных фундаментальных адрозненьняў ад дзейнічаючай ў Беларусі так званай Беларускай праваслаўнай царквы, а на самой справе філіі РПЦ, ўпарта ня вызнае існуючы ў Беларусі рэжым улады, адмаўляючы ў рэгістрацыі БАПЦ, юрыдычнай легалізацыі яе на тэрыторыі краіны.

Напрыканцы Акадэміі прысутным у залі сталіся прадэманстраванымі два відэазапісы: здымка набажэнства ў Царкве Сьв. Кірылы Тураўскага з удзелам Мітрапаліта Мікалая ў ліспападзе 1998 г. і фільм, зроблены ў Моталі летам 2013 г., у якім жыхарка мястэчка Вольга Мацукевіч, у мінулым дырэктарка Мотальскага краязнаўчага музэю, распавяла пра родныя мясьціны Ўладыкі Мікалая і ягонае наведваньне Моталя ў лютым-сакавіку 1992 г. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?