Трапіў на вочы артыкул з ліпеньскага нумару амэрыканскай расейскамоўнай газэты «Russian Town» у памяць пра Чынгіза Айтматава.

Я, відаць не зьвярнула б на артыкул увагі, калі б не загаловак

«Какой із меня космополіт с такім ліцом?»
Побач фатаграфія пісьменьніка. Твар саліднага сталага чалавека, сівая галава, рысы твару відаць тыповыя для кіргіза.

У мяне холад па скуры прайшоў. Пра што гэта ён? Чытаю: «Пасьля выхаду фантастычнага раману «Таўро Касандры» мяне сталі называць касмапалітам, што я ўспрыняў з гумарам. Які ж з такім тварам, як у мяне, касмапаліт? Ня кажучы ўжо пра мой сьветапагляд. Вядома, я застаюся сынам свайго народу, хоць і жыву ў Эўропе, а пішу на расейскай мове. Будучы сынам Кіргізіі, я зьяўляюся прыхільнікам эўразійскай інтэграцыі. Гістарычна склалася так, што Расея і Азія жывуць у цесным суседзтве. Калі мы аб’яднаемся, дык станем больш энэргічнымі, больш жывучымі і непатапляльнымі ў сусьветнай прасторы. Словам, мы не растварымся, ня зьнікнем, а будзем сілай».

Айтматаў не ўдакладніў, які твар мусіць быць у касмапаліта, але можна здагадацца. А з кіргізскім тварам ня толькі касмапалітам быць нельга, але і зусім патануць у сусьветнай прасторы можна.

Шкада, балюча і адначасова сорамна стала за немаладога саліднага інтэлектуала, які так і сышоў з жыцьця ня ў стане бачыць свайго самапрыніжэньня і страты годнасьці – цана выжываньня кіргіза ў гістарычным суседзтве з Расеяй. Як яго судзіць... немагчыма. Бацьку арыштавалі і растралялі пры Сталіне ў 1938. Сам Айтматаў усё жыцьцё «выжываў» і прызнаўся, што «сталінізм глыбока пранік у нетры нашай сьвядомасьці». Відаць і пра сябе гаварыў.

І ўсё ж, усё ж кажучы словамі вайсковага афіцэра Фрэнка Слэйда з фільму «Пах Жанчыны»: «I have seen, boys like these, younger than these, their arms torn out, their legs ripped off. But there is nothin' like the sight of an amputated spirit. There is no prosthetic for that». (Я бачыў пацаноў, такі як гэты, нават яшчэ малодшых, бяз рук — вырвала, бяз ног — выдзерла. Але няма горш як бачыць людзей бяз духу. На дух пратэзаў не бывае.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?