Раніцай 9 чэрвеня прыбіральшчыца эксперыментальнага цэха гомельскага завода «Камінтэрн» як звычайна прыйшла на працу каля паловы на восьмую.

Праўда, яна чамусьці была ў пальчатках — але на гэтую дэталь ці то ніхто не звярнуў увагі, ці то яе ўвогуле не заўважылі.

Але на прахадной жанчына дастала запальнічку — і ўспыхнула.

Адзенне на жанчыне загарэлася імгненна — па словах відавочцаў, яна аблілася бензінам загадзя.

Да яе адразу кінуўся адзін з мужчынаў. Ён схапіў у гардэробе старую коўдру, накінуў на яе і стаў тушыць агонь. Пасля заліў вадой.

«Я быў у шоку, але неяк здолеў хутка зарыентавацца. Нічога геройскага ў сваім учынку не бачу. Дзейнічаць прафесійна ў такіх сітуацыях нідзе не вучыўся. Лічу, што дапамаглі веды і просты жыццёвы вопыт», - распавёў «Гомельскай праўдзе» Канстанцін Канышаў, які выратаваў жанчыну. 36-гадовы індывідуальны прадпрымальнік аказаўся на прахадной выпадкова, ён нават не працуе на прадпрыемстве — «Камінтэрн» яму замовіў рамонт турнікетаў.

Выклікалі хуткую. Жанчыну забралі ў бальніцу.

Што стала нагодай?

Прычыны ўчынку дакладна невядомыя. Цяпер актыўна ходзяць чуткі пра тое, што жанчыне пагражала скарачэнне.

Акрамя таго, яна ў апошні час займалася афармленнем пенсіі. Аднак з Карэліі, дзе жанчына жыла нейкі час адразу пасля аварыі на ЧАЭС, ёй даслалі не ўсе дакументы, якія неабходныя для пацвярджэння працоўнага стажу, паведамляе БЕЛТА.

Але дырэктар «Камінтэрна» Пётр Афончанка заявіў, што праблемаў на працы не было. Але ў работніцы, па словах кіраўніка, апошнім часам нібыта былі праблемы з псіхікай:

«Аб пацярпелай склаліся толькі самыя добрыя ўражанні: заўсёды актыўная, добрасумленная, ветлівая, неканфліктная. Калегі могуць сказаць пра яе толькі добрае. Зарплата ў работніцы была годная, у цэху створаны выдатныя ўмовы для працы. Аднак калегі казалі, у апошні час у жанчыны адзначаліся некаторыя праблемы з псіхікай».

Гэта нібыта пацвердзіла і сама жанчына.

«Пры паступленні гамяльчанка знаходзілася ў прытомнасці і патлумачыла, што ў апошнія дні яна знаходзілася на амбулаторным лячэнні ў Гомельскай абласной клінічнай псіхіятрычнай бальніцы», - сказаў Уладзімір Кавалёў. загадчык аддзялення анестэзіялогіі, рэанімацыі, інтэнсіўнай тэрапіі Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы №1, куды даставілі пацярпелую.

Акрамя таго вядома, што нядаўна ў жанчыны памёр муж. Гэта таксама магло паўплываць на яе стан.

Апёкі - 50% цела

Цяпер жанчына знаходзіцца ў бальніцы. Калі выклікалі хуткую адразу пасля здарэння, жанчына нават змагла сама дайсці да машыны. Аднак, усё зусім не так добра. Стан жанчыны ацэньваецца як цяжкі, яе нават перавялі на штучную вентыляцыю лёгкіх. Дактары дыягнаставалі пацярпелай апёкі 50% цела.

На месцы здарэння працуе аператыўная група Следчага камітэта, якая высвятляе ўсе падрабязнасці.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?