Пра гэта расказалі Алесь Лагвінец і Аліна Нагорная, актывісты руху «Дзея»

Ідэя паставіць помнік удзельнікам слуцкага паўстання 1920-га нарадзілася летась напярэдадні святкавання угодкаў. Спробы ўшанаваць случчакоў былі і раней. Усталёўвалі крыжы ў вёсках Слуцкага і Салігорскага раёнаў, дбаннямі Анатоля Белага стварылі макет помніка, які меліся паставіць да 80-годдзя паўстання. Аднак рэалізаваць гэта не ўдалося.

«Мы вырашылі згуляць на мясцовым патрыятызме, — кажа Лагвінец. — Абыйшлі дзве з паловай тысячы кватэраў, сабралі 1200 подпісаў.

Такую паштоўку з падзякай атрымаў кожны, хто падпісаўся за помнік.

Такую паштоўку з падзякай атрымаў кожны, хто падпісаўся за помнік.

Веданне пра паўстанне не такое вялікае. Але людзі штосьці пра яго чулі, пазітыўна ставіліся. Плюс гэта яшчэ патрапляе ў размовы пра важнасць дзяржаўнасці Беларусі, якія вядуцца на самым высокім узроўні. А калі мы кажам пра БНР, пра Слуцкі збройны чын, дык якраз і маем прыклад таго, як звычайныя людзі, сяляне, выказаліся за незалежнасць і не баяліся гэта дэманстраваць».

Адчуваўся, праўда, і ўплыў 70-гадовай савецкай прапаганды з навязанымі ёй стэрэатыпамі. Часам даводзілася чуць, што слуцкія паўстанцы былі «кулакамі, бандытамі».

«Ставілі людзі ў Слуцку і шырэйшыя пытанні. Напрыклад: навошта нам помнік, калі няма працы? Або: паставілі помнік Настассі Слуцкай, можа трэба і паўстанцам, але хто будзе за яго плаціць? — кажа Лагвінец. — Але працу па фізічнай прысутнасці нашай гісторыі ў архітэктуры, помніках, варта пачынаць, бо дзяржава не будзе яе рабіць».

Таксама ёсць пытанне з мясцовай ініцыятывай. Людзі пагаджаюцца, што гэта наша гісторыя, гэта вельмі важна, але на святкаваннях гадавін Слуцкага збройнага чыну звычайна мясцовых людзей малая частка, у асноўным прыезджыя. З 24 сябраў нашага аргкамітэта па ўсталяванні помніка толькі трое — случчакі».

А найбольш савецкія стэрэатыпы сядзяць у галовах мясцовага начальства, расказала Аліна Нагорная. Мясцовы райвыканкам адмовіў ініцыятарам, спаслаўшыся на тое, што «ў пытанні слуцкага паўстання не хапае навуковых даследаванняў». Гэтая фраза выклікае смех гісторыкаў.

Вышэйшыя інстанцыі фактычна адфутболілі іх зварот назад у райвыканкам. Інстытут гісторыі Акадэміі навук спаслаўся на адсутнасць паўнамоцтваў, а Міністэрства культуры на тое, што гэта кампетэнцыя мясцовай улады. «Трэба адзначыць, — кажа Аліна, — што Мінскі абласны выканаўчы камітэт адрэагаваў станоўча, назваўшы ў сваім адказе паўстанцаў «змагарамі за незалежнасць» і змусіўшы райвыканкам яшчэ раз разгледзець наш зварот. Праўда, з тым самым вынікам».

Цяпер, кажа Нагорная, яны складаюць новы зварот з поўным спісам крыніц, у якіх можна пачытаць пра Слуцкі збройны чын.

Таксама ў бліжэйшыя дні будзе абвешчаны конкурс на эскізны праект помніка.

«Помнік мы зробім у любым выпадку, — кажа Лагвінец. — Калі нам не дадуць месца на адной з гарадскіх плошчаў, усталюем яго на магіле аднаго з паўстанцаў або на прыватным падворку

— ёсць пэўныя дамоўленасці. Аб’ект будзе на тэрыторыі Слуцка ці побач з ім».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?