Перадвыбарчы плакат кандыдата ад партыі Макрона. Фота rtl.fr.

Перадвыбарчы плакат кандыдата ад партыі Макрона. Фота rtl.fr.

11 чэрвеня ў Францыі адбываецца першы тур парламенцкіх выбараў. Як паказваюць апытанні грамадскай думкі, яны прынясуць перамогу новай ліберальнай партыі La République En Marche! (REM), якая ідзе на выбары ў кааліцыі з цэнтрыстамі з MoDem. REM была створаная пад выбарчую кампанію Эманюэля Макрона. Яго перамога вывела партыю ў лідары гонкі.

Як чакаецца, за REM прагаласуюць каля 30% выбарцаў.

Правацэнтрысцкія рэспубліканцы маюць падтрымку каля 20%. На трэцім месцы ідзе Нацыянальны фронт Марыны Лё Пэн з 17%. Левая «Няскораная Францыя» і камуністы маюць падтрымку прыкладна 14% выбарцаў. Выбары абяцаюць быць правальнымі для сацыялістаў, за якіх гатовыя галасаваць толькі 8% выбарцаў. Партыя, што дамінавала на французскай палітычнай сцэне з 1940-х, сышла ў цень пасля няўдалага прэзідэнцтва Франсуа Алянда.

Францыя — прэзідэнцкая рэспубліка, але перамога на парламенцкіх выбарах палегчыць Макрону правядзенне рэформаў у эканамічнай сферы.

У выпадку калі Макрон будзе папулярным прэзідэнтам, не выключана, што палітычны спектр Францыі зменіцца. Некалькі дзесяцігоддзяў за ўладу змагаліся правацэнтрысты і левацэнтрысты, галісты і сацыялісты. Цяпер значную ролю могуць адыгрываць лібералы.

З гледзішча беларускіх інтарэсаў, небяспеку ўяўляюць крайне правыя і крайне левыя, Нацыянальны фронт і «Няскораная Францыя», бо яны выступаюць за саступкі пуцінскай Расіі і аслабленне Еўрасаюза, што можа ўскладніць сітуацыю народаў у прасторы між ЕС і Расіяй.

Канчатковы расклад сіл у парламенце стане ясны па выніках другога тура, які пройдзе 18 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?