Паказальна, на якім палітычным фоне — вонкавым і ўнутраным — Лукашэнка падпісаў указ пра памілаваньне Казуліна.

Вонкавы фон: вайна на Каўказе і пагадненьне аб супрацьракетах у Польшчы. Уварваньне ў Грузію паставіла на вушы ЗША і Эўропу, а згода Варшавы на амэрыканскія антыракеты абурыла Маскву.

Усё гэта пагражае новым пахаладаньнем у дачыненьнях між Расеяй і Захадам.

Беларускі ж кіраўнік мала таго што не падтрымаў удар «саюзьнікаў» па грузінах, дык яшчэ і робіць доўгачаканы крок — вызваляе палітвязьня № 1. Карацей, суцэльны бальзам на душу дзеячам заходніх дэмакратый.

А вось вам унутраны фон: акурат перад тым, як быў падпісаны ўказ пра Казуліна, скончылася фармаваньне ўчастковых камісій. Апазыцыя праляцела як фанэра над Парыжам. З прыблізна 1 300 яе вылучэнцаў у камісіі найніжэйшага зьвяна трапілі меней за паўсотні. Адсяваньне непараўнальна большае, чым пры фармаваньні акруговых камісій, у якія, нагадаю, былі ўлучаны каля траціны апазыцыйных вылучэнцаў: 38 са 110.

Асаблівае імкненьне вэртыкалі скамплектаваць участковыя камісіі са сваіх людзей тлумачыцца, на думку апанэнтаў улады, тым, што менавіта гэтае, нізавое зьвяно падліку галасоў і ёсьць той «чорнай скрыняй», зь якой выскокваюць усе «элегантныя перамогі».

Так што час вызваленьня Казуліна пралічаны філігранна. Лорд Бэл справу ведае.

Зараз, пасьля такога шырокага жэсту, заходнікі мо' і ня стануць так ужо прыдзірацца да складу ўчастковых камісій, каб не выглядаць дробязнымі букваедамі.

Ва ўсякім разе, гэты этап электаральнага працэсу апынаецца ў цені, на пэрыфэрыі ўвагі. А калі яшчэ неўзабаве выйдуць на волю Кім з Парсюкевічам!.. А калі у палату трапяць колькі там чалавек з «адзінага сьпісу»!

Карацей, больш-менш лагодную ацэнку выбараў ёсьць шанец атрымаць малой крывёю, не аслабляючы лейцаў.

Зрэшты, лорд лордам, а і ў самога Аляксандра Лукашэнкі палітычны нюх выключны. Адзначым яшчэ адзін момант: рэвэранс перад Захадам зроблены акурат напярэдадні сустрэчы беларускага кіраўніка зь Мядзьведзевым у Сочы. Так што гэта адначасна і падмацоўваньне пазыцый у супрацьстаяньні (ці торгу?) з Масквой.

І нарэшце, выхад з турмы амбітнага палітыка, якога калегі па БСДП нядаўна завочна перавялі ў ганаровыя старшыні, выглядае выпусканьнем шчупака ў апазыцыйную сажалку. Без разбораў палётаў, трэба думаць, не абыдзецца. І ня толькі ў межах адной партыі. У АДС спакваля будуюць ужо пляны на прэзыдэнцкую кампанію. І выглядае на тое, што абедзьве апазыцыйныя фігуры выбараў-2006 — Мілінкевіч ды Казулін — ня ўпісваюцца ў новыя пляны партыйных стратэгаў.

Памятаеце, афіцыйны кіраўнік прадракаў, што выхад былога рэктара з калёніі яшчэ дадасьць галаўнога болю вярхоўцы тытульнай апазыцыі?

ЗЫ. Зрэшты, сюжэт з гэтым указам можа мець дадатковую інтрыгу. Брат Аляксандра Казуліна Ўладзімер не выключае, што палітвязень № 1 папросіцца назад у «Віцьбу-3», бо прынцыпова ня хоча падпісваць папераў, якія б хоць ускосна засьведчылі, што ён прызнае сваю вінаватасьць. Ігар Рынкевіч жа кажа, што вызваленьне магчымае і без аніякага прашэньня, выключна воляй кіраўніка дзяржавы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру