Моцны землятрус адбыўся ў Эгейскім моры непадалёк ад заходняга ўзбярэжжа Турцыі і грэчаскай выспы Лесбас. Страсенне глебы адчулі таксама жыхары Стамбула і Афін, піша ВВС.

Фота: Manolis Lagoutaris

Паводле даных Геалагічнай службы ЗША, эпіцэнтр землятрусу магнітудай 6,3 знаходзіўся за 5 кіламетраў на поўдзень ад грэчаскага горада Пламары, размешчанага на паўднёвым ускрайку Лесбаса.

Як паведаміў мэр Пламары, у цэнтры горада былі пашкоджаныя некаторыя будынкі. Даных аб ахвярах і пацярпелых пакуль не паступала.

Грэцыя і Турцыя размяшчаюцца на лініях геалагічных разломаў, і землятрусы ў гэтых месцах нярэдкія.

«Страсенне было і сапраўды моцным. Усё ў маёй клініцы пачало дзіка трэсціся і разгойдвацца, мы з пацыентамі адразу выскачылі на вуліцу, — распавёў агенцтву Рэйтэр Дыдэм Эрыс, 50-гадовы зубны лекар у прыбярэжным турэцкім горадзе Ізміры. — Нам, жыхарам Ізміра, зусім не прывыкаць да землятрусаў, але на гэты раз усё было па-іншаму. Я яшчэ падумаў, што, магчыма, цяпер мы загінем».

Карыстальнікі сацыяльных сетак, якія знаходзяцца ў заходняй Турцыі, паведамляюць аб моцным і працяглым дрыгаценні зямлі пад сабой і наступных туршках, якія адчуваліся па ўсім рэгіёне Эгейскага мора.

«У наступныя гадзіны, дні і тыдні нам давядзецца зведаць шэраг паўторных штуршкоў», — кажа кіраўнік абсерваторыі Кандылі ў Стамбуле Халюк Озенер.

Паводле папярэдніх даных, у двух гарадах на грэчаскай выспе Лесбас былі адзначаныя пашкоджанні ў раёнах старой забудовы. Некалькі мясцовых жыхароў паскардзіліся на невялікія траўмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?